Грошы замежных турыстаў палічаць па-еўрапейску


Беларусь плануе выкарыстоўваць дадатковыя сатэлітныя рахункі ў сферы турызму. Метад дапаможа больш эфектыўна весці статыстыку не толькі перамяшчэння турыстычных плыняў, але і пралічыць выдаткі замежных турыстаў на тэрыторыі краіны.

У міжнароднай практыцы выкарыстоўваецца 46 крытэрыяў для складання гэтак званага сярэдняга квітка. Міністэрства спорту і турызму спадзяецца атрымаць фінансавую і тэхнічную дапамогу ад Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы для праекту. Падаць заяўку маюць да 30 чэрвеня.

Як патлумачылі ў Нацыянальнай агенцыі турызму, статыстыка сярэдняга квітка дапаможа фармаваць эканамічную палітыку дзеля развіцця турыстычнай індустрыі. Даследаванне ставіць за мэту высветліць, якія турыстычныя кірункі трэба развіваць, каб прыцягнуць замежных турыстаў, а якія не прынясуць прыбытку.

Менеджарка турызму Валерыя Крывава, адзначыла, што замежнікі гатовыя пакідаць у Беларусі больш грошай, калі стварыць для іх адпаведныя ўмовы на абраных маршрутах. “У краіне слаба развітая турыстычная інфраструктура, але папулярныя кірункі кшталту Мірскага і Нясві;скага замкаў, Белавежскай пушчы, Браслаўскіх азёраў, Горадні ды Магілёва карыстаюцца ў замежнікаў попытам. Яны нават гатовыя плаціць за іх грошы, на якія б маглі з’ездзіць адпачыць у Турцыю. Калі наша кампанія арганізоўвала тур для групы расейскіх школьнікаў, то кожны выклаў з кішэні амаль 600 долараў. За дзесяць дзён яны аб’ехалі ўсе славутасці Беларусі ды нават сплаўляліся на байдарках. Па водгуках, усе засталіся задаволеныя”, – адзначыла экспертка.

belsat.eu

Стужка навінаў