Украіна апасаецца завозу афрыканскай чумы з Беларусі


Украіна часова забараніла ўвозіць на сваю тэрыторыю з Беларусі жывёлінаў, адчувальных да афрыканскай чумы свіней (АЧС), прадукцыю з іх і сыравіну.

Занепакоенасць украінскага боку выклікала інфармацыя пра тое, што 16 лютага ў вёсцы Нязнанава Наваградскага раёну Гарадзенскай вобласці было знішчана ўсё пагалоўе свіней у прыватных гаспадарках, а Міністэрства сельскай гаспадаркі ды харчавання Беларусі патлумачыла гэта вучэннямі дзеля барацьбы з афрыканскаю чумой свіней.

У Дзяржветслужбе Украіны звяртаюць увагу на тое, што Беларусь уваходзіць у Мытны саюз, у яе няма мытнага і ветэрынарна-санітарнага кантролю на мяжы з Расеяй. А ў РФ на працягу апошніх пяці гадоў адзначаліся ўспышкі АЧС. Таму ўкраінскія адмыслоўцы не выключаюць, што выпадак у Нязнанава абумоўлены прынясеннем узбуджальніка АЧС у Беларусь. Такую сітуацыю Дзяржветслужба разглядае як пагрозу біялагічнай і харчовай бяспецы Украіны.

Рашэнне аб увядзенні часовай забароны на ўвоз на тэрыторыю Украіны з Беларусі жывёлінаў, адчувальных да афрыканскай чумы свіней (АЧС), прадукцыі з іх і сыравіны было прынятае 29 лютага.

Дзяржветслужба таксама паведамляе, што з-за сістэматычных парушэнняў ветэрынарна-санітарных патрабаванняў Украіны (перавышэнне максімальна дапушчальных узроўняў рэштак ветэрынарных прэпаратаў) у малочных прадуктах беларускіх вытворцаў з 1 сакавіка часова прыпыняецца ўвоз на ўкраінскую тэрыторыю малака і малочных прадуктаў з Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў