Неафіцыйна: Еўразвяз усё ж пашырыць санкцыі


Еўразвяз дадасць у спіс неўязных яшчэ 21 беларускага чыноўніка. Такая дамоўленасць дасягнутая 27 лютага на паседжанні Рады міністраў замежных справаў краін Еўразвязу ў Бруселі, паведамляе агенцтва “France Press” са спасылкаю на дыпламатычную крыніцу.

Паводле інфармацыі крыніцы, да спісу асобаў, супраць якіх дзеюць візавыя і фінансавыя санкцыі Еўразвязу, дададуцца прадстаўнікі праваахоўных органаў і судоў, адказныя за затрыманне ды асуджэнне апанентаў рэжыму.

Санкцыі прадугледжваюць забарону ўязджаць на тэрыторыю краінаў Еўразвязу і замарожванне актываў, калі такія існуюць.

На паседжанні 10 лютага Рада Еўразвязу прыняла пастанову, якая дазваляе ўжываць санкцыі больш шырока: “Згодна з дакументам, такія санкцыі могуць быць ужытыя да асобы, адказнай за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі ў дачыненні грамадзянскай супольнасці ды палітычнай апазіцыі, а таксама асобам і прадпрыемствам, якія маюць выгаду або якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі”, – гаварылася ў паведамленні прэс-службы Рады.

Першапачаткова ў спісе было 158 імёнаў. Пазней Рада Еўразвязу неаднаразова пашырала гэты пералік, і цяпер уезд у Еўразвяз забаронены больш як 200 беларускіх чыноўнікам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, разглядаецца магчымасць далучыць да спісу яшчэ 135 беларускіх чыноўнікаў.

Паводле інфармацыі бельгійскага выдання “EUobserver”, блакаваць пытанне аб пашырэнні санкцыяў можа Славенія, якая першапачаткова лабіявала неўнясенне ў чорны спіс Еўразвязу беларускага бізнесоўца Юрыя Чыжа і групы кампаніяў “Трайпл”, якая яму належыць. Але калі гэта не ўдалося, Славенія заблакавала ўвесь новы спіс, куды ўваходзяць пераважна чыноўнікі, адказныя за зняволенне актывістаў апазіцыі ды жорсткае абыходжанне з імі.

Такую пазіцыю, піша “EUobserver”, можна растлумачыць тым, што нядаўна славенская кампанія “Riko Group” выйграла тэндар на будаўніцтва ў Менску пяцізоркавага гатэльнага комплексу “Kempinski” супольна з “Трайплам”. Кошт узвядзення комплексу перавышае 100 млн еўраў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары