«Оскара» атрымаў нямы фільм. Упершыню з 1929 года


Цяпер ужо можна зусім пэўна казаць, што чорна-белая кінастужка “Артыст” француза Мішэля Хазанавічуса стала трыумфам года. Ён перамог у трох галоўных намінацыях: найлепшы фільм, найлепшая рэжысура, найлепшая мужчынская роля. Атрымліваць “Оскара” выйшла ўся каманда “Артыста”, разам з сабачкам Агі.

У намінацыі “Найлепшы фільм” сёлета было прэзентавана адразу дзевяць карцінаў, прычым “Артыст” – першы чорна-белы нямы фільм, які перамог у гэтай катэгорыі з 1928 г.: тады статуэтку ўручылі фільму “Крылы”.

Жан Дзюжардэн – першы французскі акцёр, які атрымаў “Оскара” за галоўную ролю. У гэтай намінацыі ён перамог Брэда Піта і Джорджа Клуні. Пераможцаю ў жаночай катэгорыі стала Мэрыл Стрып за стварэнне вобразу Маргарэт Тэтчэр у “Жалезнай лэдзі”.

У тэхнічных намінацыях (“Спецэфекты”, “Гук” і г. д.) амаль абсалютную перамогу атрымаў “Захавальнік часу” Марціна Скарсэзэ. Найлепшым анімацыйным фільмам назвалі “Ранга”. Іранская стужка “Развод Надыра і Сімін” узяла прыз за найлепшы замежны фільм.

Узнагарода за найлепшую музыку дасталася “Артысту”, а статуэтка за найлепшую песню адправілася да стваральнікам камедыі “Лялька”, у якой прагучала песня пад назваю “Man Or Muppet”.

Анджэліна Джалі, якую вядучы прэзентаваў як “сапраўдную дзяўчыну з татуіроўкаю дракона”, уручала статуэтку за найлепшы адаптаваны сцэнар стваральнікам драмы “Нашчадкі”. Узнагарода за арыгінальны сцэнар дасталася Ўудзі Алену і ягонай карціне “Поўнач у Парыжы”.

Актэйвія Спэнсэр стала найлепшаю акторкаю другога плану за ролю ў карціне “Прыслуга”. 82-гадовы Крыстафэр Пламэр, які згуляў у фільме “Маладыя”, перамог у намінацыі “Найлепшы актор другога плану”, стаўшы самым пажылым уладальнікам “Оскара” ў гісторыі. На сцэне актор пажартаваў, што ўсяго на два гады маладзейшы за саму залатую статуэтку.

belsat.eu

Стужка навінаў