У Беларусі з’явілася мапа аграсядзібаў


Беларускія аграсядзібы і месцы для жыцця турыстаў у вясковай мясцовасці абазначылі на мапе, якая выйшла накладам 3 тыс. асобнікаў.

Паводле старшыні праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы», гэта можна лічыць новым этапам у развіцці беларускага аграэкатурызму: «Наш інфармацыйны прадукт – добры дапаможнік у выбары маршруту і месца для начлегу. У першую чаргу ён разлічаны на замежных турыстаў, каб дапамагчы ім самастойна вандраваць па нашай краіне. Цікавасць да такіх падарожжаў павысілася пасля таго, як на наш рынак прыйшлі кампаніі «AVIS» і «Hertz», што здаюць аўтамабілі ў арэнду».

Складаннем мапы займалася РУП «Белкартаграфія». Надпісы пазначаныя лацініцаю, каб іх лёгка маглі прачытаць замежныя турысты. Транслітарацыя падаецца згодна з нацыянальнымі формамі напісання, а зразумець яе дапамагае адмысловая табліца.

На адвароце мапы надрукаваныя адрасы і тэлефоны больш як 500 аграсядзібаў. «Зялёнай ластаўкай» пазначаныя месцы, якія маюць сертыфікат Еўрапейскага цэнтру экалагічнага і агратурызму. З іх дапамогаю турыст зможа даведацца, дзе беражліва ставяцца да навакольнага асяроддзя і прапаноўваюць паслугі высокай якасці. Знайшлі сваё адлюстраванне таксама прыродныя і гістарычныя славутасці.

Больш за ўсё аграсядзібаў – у Менскай вобласці. «Мапа – добрая рэклама для такіх месцаў, як нашае, – разважае гаспадар сядзібы «Алекс» у Калодзішчах. – За чатыры гады існавання ў нас пабывала шмат турыстаў з Расеі ды Польшчы, але пераважна яны даведваюцца пра нас ад сваіх знаёмых. Каб набыць вядомасць, мы актыўна даем абвесткі ў газетах ды інтэрнэце. Бывае, што гасцям даводзіцца вельмі доўга тлумачыць, як нас знайсці, калі яны ўпершыню апынуліся ў нашай мясцовасці. Спадзяюся, мапа палегчыць іхныя вандроўкі».

belsat.eu

Стужка навінаў