Інвестыцыі ў сельскую гаспадарку складуць $40 млрд


Узамен аграрыі мусяць ўтрая павялічыць экспарт харчовай прадукцыі.

Паводле звестак “Белстату”, у сельскай гаспадарцы ўсяго 2–3% прадпрыемстваў – стратныя. Навошта тады субсідаваць такую прыбытковую галіну?

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць, што $40 млрд – занадта вялікая сума для аграрнага сектару: “Хутчэй за ўсё, значная частка сродкаў адыдзе да каляаграрных колаў: будаўнікоў, вытворцаў сельгастэхнікі, хімічных угнаенняў”.

Грашовую дапамогу вылучаць з дзяржаўнага бюджэту. Варта адзначыць, што на экспарт уся сельгаспрадукцыя ідзе па цэнах, ніжэйшых за сабекошт. Адсюль вынікае, што беларусы з сваёй кішэні будуць субсідаваць яшчэ і замежных спажыўцоў.

Эканамістка і аналітык Інстытуту прыватызацыі і менеджменту Ірына Урбан называе субсідыі аграрнаму сектару ўласцівасцю дрэннай эканамічнай палітыкі: “Грошы варта ўкладаць у рэфармаванне сельскай гаспадаркі. Эфектыўнаю галіной яна будзе толькі тады, калі істотна знізяцца выдаткі на вытворчасць. Сёння яны ў разы вышэйшыя, чым на Захадзе. І перш як ісці на сусветны рынак, трэба давесці іх да ўзроўню развітых краінаў”, – адзначыла эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў