«Нафтавую кропельніцу» зноў падключылі


Расейскія нафтавыя кампаніі ў студзені паставілі ў Беларусь больш за 1,83 млн тонаў нафты, што ў 5,1 разу больш, чымся ў студзені 2011 г.

Год таму беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) ва ўмовах часовага прыпынення паставак нафты з Расеі былі вымушаныя перапрацоўваць назапашаныя рэшткі сыравіны, а таксама венесуэльскую нафту, якая паступала па чыгунцы. Акрамя таго, з-за вострага дэфіцыту сыравіны і зніжэння ў звязку з гэтым загружанасці вытворчых магутнасцяў летась у студзені беларускія НПЗ перапрацавалі каля 110 тыс. тонаў беларускай нафты.

1 студзеня 2011 г. Беларусь атрымала права імпартаваць нафту з Расеі без квотаў і мытаў, абавязаўшыся пры гэтым пералічваць у расейскі бюджэт 100 % мытаў ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты.

Аднак расейскія нафтавыя кампаніі тады адмовіліся пастаўляць нафту ў Беларусь, нягледзячы на ратыфікаваныя беларускім бокам дамовы аб парадку падзелу імпартных мытаў на нафту і нафтапрадукты ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы. Падставаю для адмовы сталася патрабаванне пастаўнікоў падпісаць дадатковае пагадненне, што прадугледжвала ўвядзенне прэміяў для расейскіх прадпрыемстваў.

Паводле звестак Белстату, у 2011 г. беларускія НПЗ перапрацавалі 20,5 млн тонаў нафты, што на 24,4 % больш у параўнанні з 2010-м.

Сёлета, згодна з новымі кантрактамі, памер прэміяў для пастаўнікоў зніжаны да ўзроўню 1,4 даляра на тону, што адпавядае ўзроўню прэміяў пры пастаўках у Польшчу і Нямеччыну. Акрамя таго, расейскія пастаўнікі атрымалі права цалкам распараджацца гатоваю прадукцыяй, вырабленай з іх сыравіны.

У 2012 г., паводле прагнозаў «Белнафтахіму», беларускія НПЗ разлічваюць перапрацаваць 23,4 млн тонаў нафты.

belsat.eu

Стужка навінаў