Балат Эбілаў: Мы не хочам быць у саюзе з дыктатарам Лукашэнкам!


28 студзеня некалькі сотняў чалавек пратэставалі ў Алматы супраць вынікаў нядаўніх парламенцкіх выбараў, на якіх кіроўная партыя “Нур Атан” атрымала больш за 80 % галасоў.

Апазіцыя заклікае да правядзення дэмакратычных рэформаў і расследавання жорсткага здушэння хваляванняў у Жанґаўэзене (казахск. Жаңаөзен, расейск. Жанаозен), у якіх, паводле афіцыйных звестак, загінулі 16 чалавек.

Пратэстоўцы планавалі сабрацца каля помніку казахскага паэта і філосафа Абая, аднак гарадскія ўлады, якія раней не далі дазволу на правядзенне мітынгу, абгарадзілі плошчу. Мітынг адбыўся каля найбліжэйшага гатэлю.

“Нам надакучыла, што нашыя грошы ўвесь час крадуць! Яны крадуць мільёны галасоў на выбарах, каб потым красці мільярды долараў з бюджэту. Гэта яны (улады) распальваюць сацыяльную нянавісць!” – прамаўляў да натоўпу сустаршыня Агульнанацыянальнай дэмакратычнай партыі Балат Эбілаў (Болат Әбілов).

Палітык рэзка асудзіў інтэграцыю Казахстану з Беларуссю і Расеяй у межах Еўразійскага саюзу. “Вельмі важнае пытанне, якое нас усіх хвалюе, як сёння прэзідэнт літаральна за ногі і за рукі цягне нашую краіну ў Еўразійскі саюз. Ці мы хочам быць у Еўразійскім саюзе разам з дыктарам Лукашэнкам? Не! Ці хочам быць разам з аўтарытарным Пуціным? Не! Мы хочам свабодны і незалежны Казахстан, а сёння нас хочуць гэтага пазбавіць!” – заявіў палітык.

Назарбаеў, былы першы сакратар казахстанскай камуністычнай партыі, ужо 22-гі год асабіста вядзе краіну да светлай будучыні. Толькі 15 студзеня, на апошніх парламенцкіх выбарах, ён дапусціў у парламент дзве іншыя партыі, якія збольшага і так падтрымліваюць ягоную палітыку.

Палітолагі згаджаюцца ў меркаванні, што ён быў вымушаны пайсці на гэты крок пасля беспарадкаў у Жанґаўэзене, дзе паліцыя выкарыстоўвала баявыя патроны супраць пратэстоўцаў. На гэтым тыдні пракуратура Казахстану скончыла праверку па факце злоўжывання паўнамоцтвамі паліцыяй у Жанґаўэзене. Паводле заключэння следства, збольшага паліцыя дзеяла ў межах сваіх паўнамоцтваў. Разам з гэтым чацвёра афіцэраў арыштаваныя.

belsat.eu

Стужка навінаў