Генадзь Зюганаў разлічвае на другі тур выбараў. З ягоным удзелам


Лідар расейскіх камуністаў заяўляе, што яго падтрымлівае ўся Расея.

“Мы лічым, што ў нашай каманды добрыя перспектывы на гэтых выбарах. Некаторыя сацыёлагі нам давалі 10–11 % на выбарах у Думу. Хачу нагадаць: на думскіх выбарах мы перамаглі “Единую Россию” ад Уладзівастоку да Калінінграду, практычна ва ўсіх гарадах. У Маскве 3300 участкаў, на 500 мы ставілі свае ўэб-камеры – з 500 мы ў іх выйгралі 486”, – падкрэсліў Зюганаў.

Сапраўды, паводле афіцыйных вынікаў выбараў у Дзяржаўную думу, КПРФ заняла другое месца пасля “Единой России”. Камуністаў падтрымлівалі не толькі пенсіянеры, якія настальгуюць па СССР, але і студэнты, інтэлігенцыя, дый нават некаторыя прадпрымальнікі.

Тым часам Уладзімір Пуцін, які збіраецца памяняцца месцамі з Дзмітрыем Мядзведзевым, дагэтуль застаецца найбольш імаверным пераможцам прэзідэнцкіх выбараў. Зюганаў прызнае гэта, аднак падкрэслівае, што ў сённяшняй сітуацыі другі тур выбараў абавязкова адбудзецца.

“Каб зрабіць 55 ці 52 % – гэта трэба падвоіць (лічбу галасоў Пуціна). Сядзець у цішы кабінету і перапісваць бюлетэні. То бок, на сто адсоткаў сфальшаваць выбары, а гэта азначае дэстабілізацыю сітуацыі ў краіне”, – заявіў Зюганаў.

Разам з гэтым кандыдат ад КПРФ не збіраецца падтрымліваць масавых пратэстаў, якія распачаліся пасля выбараў у Дзяржаўную думу. Ён заклікае апазіцыю аб’яднацца вакол моцнага кандыдата і змяніць уладу шляхам выбараў.

belsat.eu

Стужка навінаў