Наталля Радзіна ў «Гарачым каментары»


Прашэнне аб памілаванні ад Андрэя Саннікава знайшлося. Пра гэта напярэдадні ўвечары паведаміла Міністэрства ўнутраных справаў. Дакументы перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта 23 студзеня.

Разам з тым было аспрэчана, што на зняволеных ціснуць фізічна і маральна. Мала таго, прынятая ў Страсбуры рэзалюцыя Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, паводле прэс-сакратара беларускага Міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных, – “пасрэдны, шаблонны дакумент, напісаны на падставе сумнеўных матэрыялаў і фальшывых абвінавачанняў з сеткі інтэрнэт”.

Андрэя Саннікава трымалі ў поўнай ізаляцыі больш за месяц. Паводле ягонай жонкі Ірыны Халіп, якая сустрэлася з вязнем 24 студзеня, ён выглядае як пасля дзесяці гадоў сталінскіх канцлагераў.

Рэдактарка сайту “Хартыя-97” Наталля Радзіна кажа, што заява Міністэрства ўнутраных справаў – хлусня.

“Андрэй Саннікаў сам распавёў жонцы падчас сустрэчы ў калоніі, што прашэнне было напісанае яшчэ 20 лістапада. То бок, Міністэрства ўнутраных справаў цяпер мусіць апраўдвацца – чаму, калі прашэнне было напісанае амаль два месяцы таму, – Лукашэнка на яго не адрэагаваў. Прычым, хачу падкрэсліць, што прашэнне было выцягнутае праз катаванні, Саннікаву пагражалі смерцю жонкі ды сына. А цяпер МУС заяўляе, што прашэнне – гэта проста адгаворкі”, – кажа журналістка.

Заява МУС аб неўжыванні да палітвязняў катаванняў таксама выглядае сумнеўнаю. Факт катаванняў прызнаў ААН, пра гэта заяўлялі палітзняволеныя.

“Сёння стала зразумела, што Лукашэнку не патрэбныя ніякія прашэнні – у яго іншая задача: не выпусціць палітвязняў жывымі з турмы”, – падкрэсліла Наталля Радзіна.

belsat.eu

Стужка навінаў