Палонка – такі ж стрэс для арганізму, як скокі з парашутам


Аднаразовае купанне на Вадохрышча не пашкодзіць толькі абсалютна здароваму чалавеку. Такое меркаванне выказаў загадчык кафедры спартовай медыцыны Беларускай медычнай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Генадзь Загародны на прэс-канферэнцыі ў Менску 16 студзеня.

«З медычнага пункту гледжання, купанне ў палонцы – гэта востры кароткачасовы стрэс, параўнальны са скачком з парашутам, наведваннем крыёсаўны або добрай фізічнай нагрузкай падчас трэнавання. Калі фізічны стан чалавека дазваляе яму вытрымаць гэтую нагрузку – не бачу ніякіх праблемаў, – зазначыў Генадзь Загародны. – Аднак з узростам, на жаль, у нас назапашваецца пэўны багаж хваробаў. Таму калі ў чалавека ёсць інфекцыйныя, хранічныя захворванні, захворванні сэрцава-сасудзістай, нервовай сістэмаў, то такое аднаразовае наведванне палонкі можа выклікаць вострае абвастрэнне і ўскладненні».

Масавае купанне ў палонцы 19 студзеня не мае ніякай духоўнай сувязі з царкоўным святам, упэўнены протаіерэй Сергій Гардун. «Калі з дапамогаю нейкай паступовай методыкі людзі прывялі сябе ў такі стан, што купанне ў палонцы для іх бяспечнае, не абавязкова прывязваць такое купанне да Вадохрышча. Той, хто хоча ўзяць удзел у свяце Вадохрышча, мусіць гэта зрабіць так, як рабілі нашыя продкі: напярэдадні свята папасціцца, прыйсці ў бажніцу на ўрачыстую службу, набраць вады асвячонай, паспавядацца, прычасціцца», – падкрэсліў святар.

«Мы з заміраннем і жахам чакаем гэтага 19-га дня, – зазначыў старшыня клубу загартоўвання і зімовага плавання «Камсамольскае возера» Уладзімір Шульган. – У нас сталых чальцоў клубу 100 чалавек, а толькі летась 19 студзеня на ратавальную станцыю «Камсамольскае возера» прыйшлі прыкладна 3,5 тысячы чалавек».

Belsat.eu

Стужка навінаў