Расейская нафта патаннее на 30 долараў


Расейскія нафтавыя кампаніі не будуць атрымліваць прэміі пры пастаўцы нафты ў Беларусь (а гэта 45–47 долараў за тону), што знізіць цану сыравіны для краіны прыкладна на 30 долараў за тону ў параўнанні з леташняю цаною, паведамляе РІА «Новости» са спасылкаю на крыніцу ў нафтавай галіне.

Адзначаецца, што зніжэнне цаны прадугледжвае пратакол узгаднення ўмоваў пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь на 2012–2015 гг., падпісаны паміж канцэрнам «Белнафтахім», беларускімі перапрацоўнікамі нафты і расейскімі нафтавымі кампаніямі 15 снежня ў Маскве. Суразмоўца патлумачыў, што летась умовы пастаўкі расейскай нафты прадугледжвалі выплату прэміі расейскім нафтавым кампаніям памерам 45–47 долараў за тону.

«Згодна з сённяшнімі ўмовамі прэмія расейскім нафтавым кампаніям пры пастаўцы нафты адсутнічае. Тым не менш, цана нафты прывязаная да кошту сыравіны ў порце Ратэрдам, хоць беларускі бок прапаноўваў прывязку да порту Прыморск. У выніку кошт нафты будзе вышэйшы прыкладна на 1,5 долара за барэль, гэта значыць амаль на 15 долараў за тону. Значыць, адштурхоўваючыся ад памеру прэміі, цана тоны нафты ў параўнанні з леташняю цаною будзе ніжэйшая прыкладна на 30 долараў», – заявіў суразмоўца інфармацыйнага агенцтва.

Пратакол узгаднення ўмоваў нафтавых паставак замацоўвае пераход на новую формулу цэнаўтварэння на нафтавую сыравіну ў адпаведнасці з пагадненнем аб парадку арганізацыі, кіравання, функцыянавання і развіцця агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў Беларусі, Казахстану і Расеі, падпісаным у межах стварэння Адзінай эканамічнай прасторы, якое прадугледжвае непрымяненне бакамі ва ўзаемным гандлі колькасных абмежаванняў і вывазных мытаў, а таксама іншых пошлінаў, падаткаў і збораў, якія маюць эквівалентнае значэнне.

У адпаведнасці з пратаколам даччыныя арганізацыі расейскіх нафтавых кампаніяў маюць права перапрацоўваць на беларускіх НПЗ штомесяц да 50 % аб’ёму нафты, што пастаўляецца згодна з графікамі транспартавання.

Пры гэтым расейскі бок не пазней як за 45 дзён да месяца пастаўкі нафты інфармуе беларускі бок пра аб’ёмы адгрузкі па відах нафтапрадуктаў у разрэзе рынкаў збыту. У сваю чаргу беларускі бок гарантуе, што даччыныя кампаніі расейскіх нафтавых кампаніяў атрымаюць свабоднае распараджэнне выпрацаванымі нафтапрадуктамі з улікам неабходнасці забеспячэння ўласнай сеткі АЗС на тэрыторыі Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў