Аршанскія актывісты супраць "чорных капальнікаў"


Актывісты моладзевага аб’яднання “Звяз” даведаліся пра дзіўныя падзеі на курганным могільніку каля вёскі Макараўка ад паляўнічых: тыя першымі абвесцілі трывогу, заўважыўшы ямы-раскопы з раскіданымі вакол чалавечымі касцямі.

Курган, пра які ідзе гаворка, ляжыць паміж вёскамі Макараўка Дубровенскага раёну і Людкаўшчына Аршанскага раёну.

“У нас пры “Звязе” ёсць краязнаўчая секцыя. Мы зацікавіліся аповедамі паляўнічых і паехалі глядзець курган. На месцы ўбачылі чатыры раскопы, у двух з іх – чалавечыя парэшткі, яшчэ ў адным пасялілася ліса. Усё гэта было вельмі падобна да “працы” гэтак званых чорных капальнікаў, якія рабуюць старадаўнія пахаванні. Мы адразу патэлефанавалі ў міліцыю. З Дубровенскага раённага аддзелу прыехалі двое працаўнікоў, паглядзелі раскопы і заявілі, што гэта не іхная тэрыторыя, – распавядае аршанец Ігар Казмерчак. – Пасля гэтага яны загадалі нам сесці ў машыну, завезлі ў раённы аддзел, сфатаграфавалі нас і ўзялі адбіткі пальцаў. Відавочна, разбірацца з “чорнымі капальнікамі” ім зусім не хацелася”.

У Дубровенскім РАУСе “Белсату” паведамілі, што тэрыторыя кургана знаходзіцца ўсё ж пад іх тэрытарыяльным наглядам, але прысутнасць “чорных капальнікаў” міліцыянты адмаўляюць. “Раскопы зрабілі лісы, а не людзі. Жывёлы зладзілі там норы і жылі ў іх, так што падазрэнні аршанскіх гісторыкаў надуманыя”, – лічаць яны.

Актывісты з гэтым не пагаджаюцца ўжо толькі таму, што раскопы маюць геаметрычна правільную форму, а гэта наводзіць на думкі, што тут працавалі людзі, а не жывёла. Паводле мясцовых жыхароў, “чорныя капальнікі” працавалі тут неаднаразова і некалькі год запар. Прынамсі, адзін з раскопаў, у якім ляжаць чалавечыя парэшткі, быў зроблены каля трох гадоў таму. Яшчэ адзін, хутчэй за ўсё, летась.

Пакуль краязнаўцы дасягнулі таго, што курган каля вёскі Макараўка паставяць на ўлік як помнік гісторыі. Чаму дасюль гэтага не зрабілі – асобнае пытанне, бо ў кнігах даследнікаў-краязнаўцаў гэтыя месцы былі падрабязна апісаныя яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў. Зараз побач з курганным могільнікам адсутнічаюць хаця б якія табліцы пра тое, што гэта – помнікам археалогіі.

belsat.eu

Стужка навінаў