Дзяўчыны з FEMEN знайшліся (абнаўлена, дадалося відэа)


Збітых іх выкінулі ля вёсцы Бекі, што ў Гомельскай вобласці.

Міністэрства ўнутраных справаў і КДБ не валодаюць інфармацыяй пра датычнасць сваіх працаўнікоў да здзекаў над дзяўчатамі з “Femen”.

“У мяне ніякай інфармацыі пра гэта няма. Мяне паінфармавалі аб інцыдэнце, але вось тое, што іх затрымалі працаўнікі МУС і КДБ, гэта я чую ўпершыню. Я не маю інфармацыі, што яны маюць да гэтага нейкае дачыненне”, – кажа начальнік кіраўніцтва інфармацыі ды грамадскіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч.

На дадатак чыноўнік заўважыў, што нават спраўджваць “чуткі” пра датычнасць беларускіх праваахоўнікаў да інцыдэнту няма падставаў.

***
Лідарка руху “Femen” Ганна Гуцол заяўляе, што арганізацыя абураная дзеяннямі ўладаў Беларусі.

“Мы будзем патрабаваць дэпартацыі пасла Беларусі ва Украіне. Калі ён да заўтра не ўбярэцца, то мы самі завязем яго ў лес, паголім і там жа закапаем”, – эмацыйна заявіла спадарыня Гуцол.

***
Толькі што на сувязь выйшла адна з 3 зніклых актывістак – Іна Шаўчэнка. Яна паведаміла, што дзяўчат затрымалі ўчора на менскім вакзале працаўнікі міліцыі ды КДБ. Ім завязалі вочы і цягам ночы вазілі ў аўтобусе, завезлі ў лес, аблілі алеем, застаўлялі распранацца, пагражалі падпаліць. Пасля абрэзалі валасы нажом. Усё гэта бравыя чэкісты здымалі на камеру. Дзяўчат выкінулі ў лесе голымі без дакументаў. У вёску Бекі Ельскага раёну Гомельскай вобласці яны дабраліся пешшу.

Зараз працаўнікі Украінскага МЗС прадпрымаюць захады, каб дапамагчы суайчынніцам.

Прэс-сакратар Украінскай амбасады Аляксей Емяльяненка паведаміў “Белсату”, што што яны звярталіся за інфармацыяй ў беларускія КДБ і МУС. Аднак, па словах Аляксея Емяльяненка, тут “ёсць свае нюансы працы” — сілавыя ведамствы абавязаны адказаць на запыт амбасады на працягу 2-х дзён. Гэты тэрмін яшчэ не выйшаў, зазначае Аляксей Емяльяненка.

Учора тры дзяўчыны з украінскага жаночага руху “Femen” зладзілі акцыю каля будынку КДБ у Менску. Аголеныя, яны трымалі плакаты з надпісамі “Свабоду палітычным вязням” ды “Жыве Беларусь!”. Міліцыя затрымала аператарку руху Кіцці і некалькіх незалежных журналістаў. Спачатку меркавалася, што актывісткі здолелі уцячы, аднак а 19 гадзіне яны перасталі выходзіць на сувязь.

Міністэрства замежных справаў Беларусі раней не пацвярджала факту затрымання ці арышту грамадзянак Украіны. У Дзяржаўным памежным камітэце паведамлялі, што на беларуска-ўкраінскай мяжы грамадзянак Украіны дакладна не затрымлівалі.

belsat.eu

Стужка навінаў