Волчак: Палітвязні – закладнікі ў вайне сілавікоў


https://youtu.be/m381ou5j6Ds
Сёння з’явілася інфармацыя пра тое, што Мікалай Аўтуховіч здзейсніў спробу суіцыду. Праваабаронца Алег Волчак не выключае, што сітуацыя з палітвязнямі пагаршаецца не па “ўказцы зверху”.

“Логіку ў дзеяннях уладаў Беларусі заўсёды было цяжка знайсці. Але мне здаецца, што Лукашэнку цяпер няма сэнсу ціснуць на палітычных, свае грошы ён атрымаў і адчувае сабе даволі ўпэўнена”, – разважае Алег Волчак.

Праваабаронца мяркуе, што сітуацыю наўмысна правакуе МУС: “Вы паглядзіце, што ў іх цяпер робіцца: адзін пад следствам, другі ў шпіталі, трэці заяву на звальненне падае. І гэтым справа не скончыцца. Я ўпэўнены, што наперадзе яшчэ гучныя арышты і затрыманні”.

Пад следствам застаецца намеснік міністра ўнутраных справаў Яўген Полудзень. Дарэчы, сёння яму афіцыйна выставілі абвінавачанне ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. У шпіталі папраўляе здароўе кіраўнік МУС Анатоль Куляшоў. Часова выконвае абавязкі міністра палкоўнік Алег Пекарскі, ён, паводле Алега Волчака, і падаў рапарт аб адстаўцы.

На палітычных ціснуць, каб стварыць дадатковую напружанасць у грамадстве. Гэта помста міліцыянтаў за сваіх, мяркуе Алег Волчак. Праваабаронца ўказвае на тое, што зняволеных апанентаў улады імкнуцца скампраметаваць метадамі, уласцівымі крымінальнаму асяродку: “Прадэманстравалі на БТ брудны сюжэт пра Саннікава і Дашкевіча, справакавалі бойку з Мікалаем Статкевічам, цяпер чарга дайшла і да Мікалая Аўтуховіча”. Алег Волчак гаворыць, што, паводле іхнае інфармацыі, Аўтуховіча вымусілі парэзаць вены, падсяліўшы ў камеру да “апушчаных”.

На меркаванне праваабаронцы, спадзявацца на вызваленне палітычных бліжэйшым часам не выпадае. “Хіба што Еўразвяз будзе больш рашучы ў адстойванні сваіх патрабаванняў і ўвядзе жорсткія эканамічныя санкцыі супраць дзейнай улады. У гэтым выпадку, сітуацыя можа змяніцца да лепшага”, – падсумоўвае Алег Волчак.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары