Палітвязня змясцілі ў ШІЗА на 5 дзён, але ён не выключае, што тэрмін «пакарання» могуць працягнуць.
Афіцыйнаю прычынаю было тое, што Статкевіч нібыта не павітаў начальніка атраду, а таксама дзве знойдзеныя пры ператрусе насоўкі, пазначаныя вязнем як «гігіенічныя прылады», што расцанілі як грубае парушэнне. Цяпер ён лічыцца «злосным парушальнікам» рэжыму, яму адмоўлена ў пасылках, а суму для «атаварвання» зменшылі да 1 баз. вел.
Аднак блізкія Міколы Статкевіча бачаць іншыя прычыны такіх дзеянняў з боку адміністрацыі турмы. «На Міколу працягваецца ціск, каб ён падпісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, – кажа грамадзянская жонка палітвязня Марына Адамовіч. – Мы таксама звязваем гэта з публікацыямі палітычных лістоў Мікалая Статкевіча, якія трапілі да нас, мінаючы адміністрацыю».
На 20 снежня была запланаваная рэгістрацыя шлюбу Міколы і Марыны, на гэта быў атрыманы афіцыйны дазвол. «Паводле закону, яму павінны даць права патэлефанаваць мне, калі шлюб перанясецца праз тое, што 20-га ён будзе ў ШІЗА. Праўда, гэта недастатковая ўмова для пераносу, але адміністрацыя можа пайсці на гэта, – адзначае спадарыня Марына. – Пакуль мне ніхто не тэлефанаваў, не папярэджваў пра гэта, таму ў аўторак я збіраюся быць у Шклове. Таксама хачу падключыць да гэтага адваката».
Апошняе тэлефанаванне ад Міколы Статкевіча сваякі атрымалі тры тыдні таму. «Паводле атрыманай намі інфармацыі, адміністрацыя «рыхтуе» для Мікалая Статкевіча перавод у ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Найбольш імаверна, што гэта плануецца, каб цалкам ізаляваць палітвязня ад любых вонкавых кантактаў», – адзначаецца на афіцыйным сайце палітыка.
belsat.eu