Аляксандр Лукашэнка: Што, я мусіў маліцца на гэтую іржавую трубу?


Аляксандр Лукашэнка лічыць “вельмі выгаднымі” для Беларусі дамоўленасці з Расеяй у газавай сферы і адкідае абвінавачанні ў “распродажы незалежнасці краіны”.

“Тое, што нам удалося вырашыць, а перамовы ішлі больш за два гады, гэта выгада для беларускага народу”, – прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.

“Прадаўшы 50 % “Белтрансгазу”, Беларусь анічога не страчвае, а наадварот, значна набывае, атрымаўшы вялікую зніжку для прыроднага газу. Гэта эканомія за год можа скласці 2,5–3 млрд долараў толькі на прыродным газе. Плюс 2,5 млрд долараў яны нам пералічылі. Лічыце, налета – 5,5 млрд долараў у цэлым, – сказаў Лукашэнка. – І гэта – тры гады, а потым – прывязка да ўнутрырасейскай цаны. Гэта значыць, мы будзем на роўных канкураваць у Расейскай Федэрацыі са сваім таварам. Гэта вялікае падтрыманне для нашай эканомікі”, – падкрэсліў Лукашэнка падчас працоўнай паездкі па Берасцейскай вобласці.

Паводле яго, Беларусь, маючы 50 % “Белтрансгазу” і не прадаючы яго Расеі, мела б цану на прыродны газ, як Нямеччына. “У нас прыродны газ налета дасягнуў бы кошту 400–420 долараў за 1 тыс. куб. м. А мы дамовіліся, што будзе на мяжы гэты газ па 165 долараў за 1 тыс. куб. м. Гэта значыць, практычна напалову ўпала цана. Гэта было нашае цвёрдае патрабаванне. Расейцы за 50 % “Белтрансгазу” пайшлі на ўсе нашыя ўмовы”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка падкрэсліў, што наперадзе развязанне яшчэ шэрагу пытанняў, выгадных для Беларусі. “На нафту таксама цана можа панізіцца, калі мы дамовімся з Расейскай Федэрацыяй”, – адзначыў ён.

“Гэтае рашэнне [па “Белтрансгазе”] развязала цэлы вузел праблемаў ва ўзаемаадносінах з Расейскаю Федэрацыяй”, – канстатаваў Лукашэнка.

Наконт выказаных абвінавачанняў у “распродажы незалежнасці краіны” Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што “ўсё рассудзіць час”. “Вы дайце яшчэ гэтыя 5 млрд на год валюты, і няма ніякіх праблемаў. Нашая эканоміка, грамадства не вытрымалі такой нагрузкі. І што, я мусіў маліцца на гэтую іржавую трубу, якая ў зямлі ляжыць? – сказаў Лукашэнка. – Ну, вось яны пабудавалі адну трубу “Паўночнай палыні”, цяпер другую пабудуюць. Расея – супербагатая краіна, яна можа падарыць нам гэтую трубу – задушыся ёю! Але што ты пампаваць будзеш па гэтай трубе? Прыродны газ – гэта нават не нафта. Нафту мы можам з Венесуэлы прывезці, яшчэ аднекуль. Прыродны газ не прывязеш”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

З ягоных словаў, у выпадку набыцця звадкаванага газу выдаткі будуць амаль удвая большыя, чым пры атрыманні яго з Расеі. “Я таксама такі варыянт прапрацоўваў у Катары. Не спантанна нарадзілася рашэнне прадаць 50 % “Белтрансгазу”. Я па ўсім свеце праехаў і літаральна памацаў сваймі рукамі ўсё, што мы можам набыць”, – сказаў прэзідэнт.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары