Адразу дзве кнігі пра Радзівілаў выйдуць у наступным годзе


Журналіст Глеб Лабадзенка рыхтуе біяграфічную гісторыю роду Радзівілаў. Ён асабіста знаёмы з пані Эльжбэтаю Радзівіл ды ейнаю сям’ёю, некалькі разоў спрыяў іхным паездкам у Беларусь, суправаджаў іх у Менску і Нясвіжы.

Глеб лічыць род Радзівілаў знакавым для гісторыі Беларусі і незаслужана забытым на працягу шматлікіх гадоў. Таму сваёй кнігаю збіраецца запоўніць гэты інфармацыйны прабел у айчыннай гісторыі, які ўтварыўся з савецкіх часоў. Вядома, што кніга выйдзе праз шэсць месяцаў. Ілюстрацыі да біяграфіі распрацоўвае беларускі дызайнер Аляксей Кульбіцкі.

Другая кніга – энцыклапедыя гравюраў, прысвечаных роду Радзівілаў. Яе ў хуткім часе будзе прэзентаваць Вольга Бажэнава. Ідэю аўтаркі падтрымала выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. “Мы ўжо выпусцілі кнігу “Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII–XIX стагоддзяў”, таму энцыклапедыя гравюраў стане лагічным працягам альбому”, – мяркуе дырэктарка выдавецтва Таццяна Бялова.

Дарэчы, на прэзентацыі альбому прысутнічалі прадстаўнікі сям’і Радзівілаў. Князь Мацей Радзівіл паведаміў, што ў найбліжэйшай будучыні плануецца прывезці ў Беларусь новыя ўнікальныя прадметы, звязаныя з іхным родам. “Рэчы належалі прадстаўнікам дынастыі, якія жылі ў Нясвіжскім замку з XVIII ст. да перадваенных гадоў. З гэтых прадметаў будзе складацца выстава, якая пройдзе ў сценах замку. Гэта будзе не сталая экспазіцыя, а, хутчэй за ўсё, доўгатэрміновая. Усё будзе залежаць ад перамоваў з беларускім бокам. Таксама неабходна атрымаць дазвол польскіх уладаў на вываз культурных каштоўнасцяў”, – распавёў князь.

Цяпер у Беларусі з вялікай увагаю ставяцца да гісторыі роду. Аўтарка энцыклапедыі Вольга Бажэнава, якая падчас працы падтрымлівала кантакт з вядомаю сям’ёю, адзначыла: “Былі часы, калі прадстаўнікоў знакамітага роду не хацелі бачыць на Беларусі. У 1988 г. Мацея Радзівіла папросту выгналі з фамільнага замку ў Нясвіжы, дзе на той момант размяшчаўся санаторый. Цяпер спадар Радзівіл наведвае Беларусь не менш за два разы на год”.

belsat.eu

Стужка навінаў