Пераслед праваабаронцаў працягваецца


Працэс паводле справы аб спагнанні падаткаў з праваабаронцы Валянціна Стэфановіча пачнецца 15 лістапада ў судзе Партызанскага раёну Менску.

Як паведаміў Валянцін Стэфановіч, 2 лістапада яму прыйшла позва з суда. Ён зазначыў, што за час разгляду справы пеня павялічылася з 6 да 9 млн руб., і, такім чынам, з яго паспрабуюць спагнаць каля 41 млн руб.

19 кастрычніка інспекцыя падаткаў і збораў Партызанскага раёну сталіцы аштрафавала Стэфановіча на 4,75 млн руб. Інспекцыя палічыла, што ён парушыў заканадаўства «з неасцярожнасці». Праваабаронцу прызналі вінаватым у правапарушэнні, прадугледжаным арт. 13.6 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях («Нявыплата або няпоўная выплата падаткаў»).

Падатковая інспекцыя Партызанскага раёну мае намер спагнаць са Стэфановіча 31,5 млн рублёў нібыта ўтоенага падатку, а таксама пеню. Сума разлічаная з ягоных замежных рахункаў, інфармацыю пра якія перадала Беларусі Літва.

Стэфановіч абскардзіў рашэнне падатковай інспекцыі ў судзе.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары