На «Лістападзе» пакажуць фільм пра пераслед спецслужбаў і масавыя затрыманні


У межах пазаконкурснай праграмы пакажуць польскую стужку «Ружачка» рэжысёра Яна Кідава-Блонскага. Гэты фільм распавядае пра сітуацыю ў камуністычнай Польшчы, калі спецслужбы сочаць за кожным крокам чалавека, а нязгодных могуць проста схапіць на вуліцы. Аналогіі з сучаснаю Беларуссю відавочныя.

Кінакрытык Андрэй Расінскі мяркуе, што ўзровень менскага кінафоруму якасна палепшыўся з мінулага года, калі пачала працаваць новая каманда пад кіраўніцтвам Анжэлы Крашэўскай. «З правінцыйнай постсавецкай тусоўкі «Лістапад» ператварыўся ў сапраўдны фестываль – з добрым адборам фільмаў і канцэпцыяй – кіно Усходняй і Цэнтральнай Еўропы», – кажа эксперт. Ён спадзяецца, што імпрэза будзе мець поспех, нягледзячы на крызіс.

Беларускі рэжысёр Юрый Хашчавацкі заўважае, што пакуль фестываль будзе пад наглядам уладаў, беларускага незалежнага кіно гледачы так і не пабачаць. «На мой погляд, за апошнія гады найлепшыя беларускія фільмы былі зробленыя для «Белсату», але паколькі існуе цэнзура, кінастужкі са складанасцю дэманструюцца ў нашай краіне, – кажа ён. – Незалежнае замежнае кіно – нават польскае або расейскае, якое таксама блізкае нам, – могуць прапусціць, а вось айчыннае наўрад ці».

Кінафестываль будзе праходзіць з 5 да 12 лістапада.

belsat.eu

Стужка навінаў