Адноўленыя вобразы Вітаўта і Ягайлы


У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адбылася прэзентацыя рэканструкцыяў гістарычных постацяў Вялікага князя літоўскага Вітаўта і польскага караля Ягайлы.

Рэканструкцыі постацяў уяўляюць з сябе партрэтныя скульптуры, выкананыя ў поўны рост. Вонкавы вобраз дзяржаўных дзеячаў адноўлены на падставе дасканалага вывучэння гістарычных крыніцаў ды іканаграфіі. Гэтак, вобраз Вітаўта адноўлены на падставе выявы з асабістай пячаткі князя, мініяцюры на прастоле пачатку XVI ст. і гравюры з кнігі Гванніні 1578 г. За аснову партрэтнага вобразу Ягайлы ўзялі пластыку надмагілля караля, а касцюм узноўлены дзякуючы выяве з абраза «Пакланенне трох каралёў».

Рэканструкцыю выканалі сябры Беларускага саюзу мастакоў Павел Лук і Юрый Піскун.

«Апошнія дзесяцігоддзі паказалі, – адзначыў падчас прэзентацыі дырэктар музею Сяргей Вечар, – што наша гісторыя багатая, разнастайная, цікавая вельмі адметнымі персанажамі. Сярод гэтых герояў айчыннай гісторыі – і славутыя імёны Вітаўта ды Ягайлы. Мы працуем над будучай гістарычнай экспазіцыяй, у якой гэтыя постаці павінны заняць сваё годнае месца».

Скульптар Павел Лук падзяліўся тым, як ішла праца над рэканструкцыяй: «Ёсць апісанні, напрыклад Яна Длугаша (сярэднявечны польскі гісторык, аўтар 12-томнай «Гісторыі Польшчы»), Ягайлы, ёсць гравюры, пячаткі абедзвюх асобаў. Тое, што яны былі стрыечнымі братамі, наводзіла на думку пра іхнае пэўнае падабенства. Але, вядома, кожны мастак стварае свой вобраз».

belsat.eu

Стужка навінаў