Леў Марголін у «Гарачым каментары»


“Румас ведае, як выйсці з крызісу, але рашэнні ў краіне прымае адзін чалавек”.

Сёння на супольным паседжанні дзвюх палатаў Нацыянальнага сходу Беларусі сваё бачанне антыкрызісных захадаў так званым дэпутатам прэзентавалі віцэ-прэм’еры Анатоль Тозік і Сяргей Румас. Пры гэтым грамадскасць пачула дзве розныя пазіцыі не толькі адносна сітуацыі, але і адносна магчымых дзеянняў ураду. Румас пасыпаў галаву попелам і казаў пра памылкі ды адказнасць за крызіс з боку Нацбанку і ўраду, а Тозік… наагул не бачыць крызіснай сітуацыі, а толькі “часовыя праблемныя моманты”.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, эканаміст Леў Марголін такія разыходжанні тлумачыць рознымі аўдыторыямі, да якіх звярталіся віцэ-прэм’еры. Сяргей Румас, прамаўляючы перад Палатаю прадстаўнікоў, хацеў, каб яго пачулі ў Адміністрацыі прэзідэнта, таму ён мусіў завострыць праблему. Анатоль Тозік звяртаўся да насельніцтва, супакоіць якое было ягонаю задачаю. “Думаю, яны абодва добра разумеюць сітуацыю ў краіне”, – мяркуе Леў Марголін.

Паводле эканаміста, Сяргей Румас ведае, як выйсці з крызісу, аднак рашэнні ў краіне прымае іншы чалавек. А ён, у сваю чаргу, баіцца негатыўнай рэакцыі насельніцтва. “Рабіць захады дзеля выйсця з крызісу, не зважаючы нават на рэакцыю насельніцтва, можа сабе дазволіць толькі дэмакратычная краіна”, – гаворыць Леў Марголін, прыводзячы прыклад Грэцыі.

А таму ўлады Беларусі робяць “толькі тое, чаго нельга не рабіць, тое, што вымушаныя. А тое, што можа пацярпець: можа яно, як кажуць, само расмокчацца, – гэтага не робяць”. “Я абсалютна ўпэўнены, што гэтыя ўлады на рашучыя рэформы не здатныя”, – падсумоўвае наш суразмоўца.

belsat.eu

Стужка навінаў