Праўладны Саюз пісьменнікаў усхваляе трактары


Паводле паэта Міхася Скоблы, структура пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца, заняўшыся прапагандаю, забылася на літаратуру.

Учора, 18 кастрычніка, Мікалая Чаргінца, які не размаўляе па-беларуску, пераабралі старшынём праўладнага Саюзу пісьменнікаў. Генерал ад літаратуры якраз адзначыў свой 74-ы дзень нараджэння. Напярэдадні паэт Уладзімір Някляеў звярнуўся з адкрытым лістом да дэлегатаў, заклікаючы: памяняйце вы старшыню, які нават моваю не валодае.

Дзейнасць праўладнага Саюзу пісьменнікаў Міхась Скобла параўноўвае з выбрыкамі хлопцаў-падшыванцаў з апавядання Максіма Гарэцкага «Дурны настаўнік». Апошнія чапляліся да хворага настаўніка, які вярнуўся з фронту: «Плюнь на царкву, дамо бублік!» «Вось і Саюз пісьменнікаў праўладны мне нагадвае таго дурнога настаўніка, які пляваў на царкву. Яны гатовыя за нейкі бублік чорнае назваць белым…» – кажа паэт.

Сістэма простая, кажа наш суразмоўца: пісьменнік мусіць пісаць, дзяржава мае падтрымліваць творцаў на ўзроўні грантаў. Прадзяржаўныя ж пісьменнікі занятыя не літаратураю, а прапагандаю, перакананы Скобла. Не так даўно ў Нацыянальнай бібліятэцы ён разгарнуў часопіс «Полымя» – друкаваны орган праўладнага саюзу – і прачытаў верш пра трактарыста: «У мяне такое адчуванне, што пісьменнікі і паэты таго саюзу жывуць недзе ў 1930 або 1950 годзе, і тэмы абіраюць пра калгасы, пра трактарыстаў…»

belsat.eu
https://youtu.be/05HaT-TZaik

Глядзі таксама
Каментары