“Вечерний Минск” стане бясплатнай ідэалагічнаю метро-газетаю


У новым фармаце “Вечерний Минск” шточацвер. Першы нумар з’явіцца заўтра.

“Газета будзе паступаць у адміністрацыі ўсіх раёнаў гораду, працоўныя калектывы ды арганізацыі, буйныя гандлёвыя цэнтры, паліклінікі, студэнцкія інтэрнаты і гатэлі. Мы стартуем з дадатковага накладу 50 тысяч асобнікаў, – кажа генеральны дырэктар «Минск-Новости» Кацярына Дубінская. – Мяркуецца, што з 1 студзеня наклад газеты на 32 палосах дасягне 100 тысяч асобнікаў”.

Паводле дырэктаркі, асноўная мэта праекту – інфармаваць як мага паўней жыхароў сталіцы аб тым, што добрага робіцца для менчукоў. “Вечерний Минск” – газета, якая ледзь не збанкрутавала ў пачатку года, стала адною з частак дзяржаўнага агенцтва «Минск-Новости». Бясплатнае выданне будзе стварацца за кошт рэкламы і падтрымання гарадскога бюджэту.

У кіраўніцтве ідэалогіі Менгарвыканкаму адзначылі, што змест выдання не зменіцца. “Новым будзе толькі фармат. А вось асвятленне імпрэзаў гораду, матэрыялы пра сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны па-ранейшаму будуць выходзіць”.

Бясплатныя выданні, што распаўсюджваюцца ў метро, вельмі папулярныя за мяжою. Праўда, там яны не маюць ідэалагічнага складніка ды існуюць выключна за кошт рэкламы. Беларускі варыянт будзе ажыццяўляцца за бюджэтныя сродкі. У 1990-х гадах у менскім метро ўжо распаўсюджвалася бясплатная газета, але праз нерэнтабельнасць яна праіснавала нядоўга.

belsat.eu

Стужка навінаў