Ці трэба трактаваць артыкул Пуціна сур’ёзна?


Наконт магчымасці стварэння Еўразійскага саюзу, з ідэяй якога азнаёміў 4 кастрычніка ў сваім артыкуле ў газеце “Известия” прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін, разважаюць палітолагі.

“Пакуль гэта вельмі размыты праект, голая абстрактная ідэя, – адзначыў Валерый Карбалевіч. – Не вельмі пакуль зразумела, як гэта будзе практычна рэалізоўвацца. Інтэграцыйных праектаў на постсавецкай прасторы з часу распаду СССР было вельмі шмат, а рэалізаваныя адзінкі”.

Пры гэтым ён падкрэсліў: любая інтэграцыя – “перадаванне часткі суверэнітэту ў нейкія інтэграцыйныя структуры”. Калі Беларусь возьме ўдзел у гэтым праекце, то магчымае нейкае паслабленне беларускага суверэнітэту. “Але пакуль складана казаць, наколькі і ў якіх аб’ёмах”, – дадаў палітолаг.

Карбалевіч таксама нагадаў, што ў Расеі пачалася прэзідэнцкая выбарчая кампанія. “Гэты артыкул – перадвыбарчая праграма Пуціна. Я б пакуль не надаваў занадта сур’ёзнага значэння гэтаму артыкулу і самой ідэі. Гэта пакуль больш PR”, – лічыць ён.

Падобнай ацэнкі прытрымліваецца і палітолаг Юрый Шаўцоў. Ён звярнуў увагу на тое, што Пуцін адсоўвае на другі план такія структуры, як СНД і Саюзная дзяржава, дзе закладзены прынцып роўнасці бакоў, і мае намер выйсці на стварэнне структураў з безумоўным лідарствам Расеі. На ягоную думку, наўрад ці Расея будзе імкнуцца перайсці нейкую мяжу ў адносінах з Беларуссю. “Іншая рэч, што захаваецца некаторая нервовасць адстойвання інтарэсаў невялікай краіны перад вялікай. Па сутнасці, нічога для Беларусі не зменіцца”, – мяркуе палітолаг.

Ягоны калега Дзяніс Мельянцоў расцэньвае ініцыятыву Пуціна гэтак: “Тут нічога новага няма, але Пуцін робіць стаўку на гэтую канцэпцыю як галоўную фішку сваёй перадвыбарнай праграмы. Гэта асабліва не адаб’ецца на СНД, якая даўно ўжо перабывае ў стане крызісу. Расея з шматбаковай структуры садружнасці спрабуе выбудаваць структуру пад сваім кіраўніцтвам”.

На думку палітолага, Маскву задавальняе цяперашняя канфігурацыя дачыненняў з Беларуссю. “Звышзадача – гэта набыць беларускія прадпрыемствы і эканамічна кантраляваць гэтую тэрыторыю, бо палітычна кантраляваць яе не мае вялікага сэнсу. Існае беларускае кіраўніцтва Расею цалкам задавальняе – пры крышку большай лаяльнасці першай асобы Беларусі. Але гэтай лаяльнасці яны дасягаюць эканамічнымі сродкамі”, – канстатаваў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў