Леанід Заіка: Мілер з Пуціным загналі Лукашэнку ў кут


“Газпром” працуе як акула – скупляе ў Еўропе гатэлі, камунікацыі, прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці. Цяпер яны крыху паразумнелі ды будуць набываць тыя прадпрыемствы, якія дазволяць забяспечыць кантроль за інфраструктураю – сярод іншага, у Беларусі іх будуць больш цікавіць не толькі трубы, але і сістэмы размеркавання электраэнергіі”, – заявіў эканаміст Леанід Заіка, каментуючы заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што “Газпром” можа ўзяць удзел у набыванні акцыяў не толькі “Белтрансгазу”, але і іншых беларускіх прадпрыемстваў.

Падчас сустрэчы са старшынёю праўлення “Газпрому” Лукашэнка акцэнтаваў увагу на магчымасці продажу акцыяў “Белтрансгазу”. Эканаміст Леанід Заіка ўпэўнены, што гэтае прадпрыемства сапраўды варта прадаць. “Расейцы запускаюць з немцамі “Паўночную плынь”, якая можа перапампоўваць да 30 % газу. Беларускія трубы становяцца не патрэбныя. Сёння любы дарадца Лукашэнкі ды любы адмысловец можа сказаць, што калі мы цяпер не прадамо “Белтрансгазу”, то далей з ім няма чаго рабіць, толькі пакінуць у якасці помніка”, – заявіў эканаміст. Пры гэтым калі продаж другой часткі акцыяў “Белтрансгазу” адбудзецца, то – на ўмовах Расеі. “Мілер, як добры баксёр, – разам з Пуціным загналі Лукашэнку ў кут”, – падкрэслівае Леанід Заіка.

Эканаміст зазначае, што цяпер прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў застаецца цікаваю пераважна для кітайскіх і расейскіх інвестараў. Паводле Леаніда Заікі, у Беларусі інвестараў цікавяць каля 70 буйных прадпрыемстваў. “Мы дайшлі да ручкі. Грошай няма, зарабляць больш няма на чым, засталося толькі прадаваць бацькоўскае фамільнае срэбра”, – заявіў эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў