Уладзімір Асіпенка: «Я разумеў, што мне «свеціць» вялікі тэрмін»


Карэспандэнт БелаПАНу наведаў у Ваўкавыску вызваленага з Івацэвіцкай калоніі Уладзіміра Асіпенку, які быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі па гэтак званай справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў.

“Праз шэсць месяцаў пасля арышту, – успамінае Асіпенка, – абвінавачанне ў арганізацыі падпалу дому начальніка ваўкавыскай міліцыі з мяне знялі. І ўсё адно ад будучага працэсу не чакаў нічога добрага: па тых абвінавачаннях, што нам выставілі, я разумеў, што свеціць вялікі тэрмін, і ніяк не спадзяваўся, што ён будзе такім маленькім. Калі я казаў следчым, што невінаваты, яны мне смяяліся ў твар: маўляў, ты вінаваты, і мы гэта дакажам”.

Паводле словаў Асіпенкі, у СІЗА і калоніі былі спробы правакацыяў у дачыненні яго. “Дапамагалі тыя, хто трапіў туды раней за мяне, – гаворыць ён, – падказвалі, хто і з якою мэтаю падсаджаны ў камеру. Асуджаныя ставіліся да мяне нармальна, адміністрацыя – з асцярожнасцю, але ўсё ж адчувалася, што ўвага да мяне большая, чым да астатніх зняволеных. Яна была падкрэслена законнаю”.

Недзе ў сярэдзіне верасня Асіпенку сказалі, што 13 кастрычніка адбудзецца папярэдняе паседжанне камісіі, дзе ягоную кандыдатуру выставяць на ўмоўна датэрміновае вызваленне. Гэта было нечакана, бо тройчы дагэтуль асуджаны прадпрымальнік звяртаўся з просьбамі вызваліць яго ўмоўна датэрмінова, але атрымліваў адмовы праз розныя прычыны. І вось 4 лістапада адбыўся суд, які прыняў рашэнне ўмоўна датэрмінова вызваліць Асіпенку, што “цвёрда стаў на шлях выпраўлення”.

На пытанне, ці ставілася яму перад вызваленнем ўмова прызнаць сябе вінаватым, Асіпенка адказвае: “Гэтае пытанне ставілася ў Вярхоўным судзе, і я сказаў, што катэгарычна адмаўляюся прызнаць сваю віну. А на суд, які мяне вызваліў умоўна датэрмінова, мяне не запрашалі”.

Выракі па гэтак званай справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Вярхоўны суд Беларусі абвесціў у траўні 2010 года. Мікалая Аўтуховіча прысудзілі да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму, Уладзіміра Асіпенку – да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Яшчэ двух абвінавачаных – Аляксандра Ларына, былога працаўніка фірмы Аўтуховіча, і падпалкоўніка міліцыі Міхаіла Казлова – прысудзілі, адпаведна, да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму без пазбаўлення права займаць кіраўнічыя пасады.

Аўтуховіча прызналі вінаватым у перавозе і захоўванні пяці патронаў да паляўнічай стрэльбы, Асіпенку і Ларына – у захоўванні ды перавозе зброі і выбуховых рэчываў, Казлова – у тым, што ведаў аб знаходжанні на тэрыторыі школы-ліцэю №1 Горадні гранатамёта, але не паведаміў пра гэта.

Стужка навінаў