Угару ці ўніз?


Старшыня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова выказвае аптымістычныя настроі адносна будучыні беларускага рубля.

У інтэрв’ю аднаму з беларускіх тэлеканалаў галоўны банкір краіны прызналася, што адчула сябе ўтульна, калі на дадатковай сесіі курс долара ўсталяваўся на адзнацы, ніжэйшай за 9000 руб. “Мы думаем, што ён будзе акуратна ісці ніжэй. А, можа быць, на наступным тыдні ён рэзка пойдзе ўніз”, – спадзяецца Надзея Ермакова. Свае прагнозы спадарыня Ермакова грунтуе на тым, што, па-першае, насельніцтва актыўна панесла валюту ў абменнікі, а, па-другое, на наступным тыдні прадпрыемствам трэба будзе плаціць падаткі – і яны таксама пачнуць мяняць валюту на рублі.

У сваю чаргу незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў утульна не пачуваецца і ў рэзкае падзенне курсу долара не верыць: “Яно калі будзе, то невялічкае. Ну, можа на 300–500 руб. долар патаннее, не больш. Але потым кошт амерыканскай валюты зноўку пойдзе ўгару”. У краіне абвешчана пра падвышэнне пенсіяў і заробкаў бюджэтнікам, дзеля абароны ўнутранага рынку працягваецца палітыка павышэння коштаў, нагадвае эканаміст. Усё гэта, адзначае Леанід Злотнікаў, будзе спрыяць абясцэньванню беларускага рубля.

Паводле звестак Белстату, інфляцыя сёлета за няпоўныя дзевяць месяцаў склала 63,4 %. За два тыдні верасня кошты на спажывецкія тавары ўзраслі на 6,4 % у параўнанні з сярэднімі коштамі жніўня.

belsat.eu

Стужка навінаў