Місія МВФ прыедзе ў кастрычніку. Пра крэдыт не ідзецца


Міжнародны валютны фонд плануе ў кастрычніку накіраваць чарговую місію ў Беларусь для працягу кансультацыяў з уладамі з нагоды эканамічнай палітыкі. Пра гэта ў хадзе тэлефоннага брыфінгу для журналістаў у Вашынгтоне паведаміў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс (Chris Jarvis).

Паводле яго, тэрміны працы місіі прыблізна вызначаныя на 5–17 кастрычніка. Эксперты фонду прааналізуюць апошнія падзеі ў эканоміцы Беларусі і “дадуць некаторыя дадатковыя парады”.

Пра новую праграму фінансавай дапамогі Беларусі гаворка пакуль не вядзецца. Джарвіс адзначыў, што для вылучэння крэдыту МВФ “хоча бачыць трывалую і прадэманстраваную прыхільнасць з боку ўладаў, і гэта сапраўды неабходная ўмова для прасоўвання да пагаднення”. “Мы не можам рэальна абмяркоўваць тое, колькі фінансавага падтрымання Беларусі неабходна, пакуль не даведаемся больш пра эканамічную праграму”, – падкрэсліў ён.

Паводле Джарвіса, пазіцыя Рады дырэктараў МВФ палягае ў тым, што папярэдне неабходна “ўбачыць моцныя і наглядныя забавязальніцтвы” з боку ўладаў Беларусі на цэлым шэрагу кірункаў эканамічнай палітыкі, улучаючы лібералізацыю валютнага курсу, лібералізацыю цэнаў, узмацненне жорсткасці фінансава-бюджэтнай палітыкі, у тым ліку ў галіне заработнай платы.

Ён таксама заявіў пра неабходнасць праводзіць жорсткую фіскальную і грашова-крэдытную палітыку, а таксама пра падтрыманне высокіх адсоткавых ставак і жорсткіх захадаў у галіне заработнай платы. На яго думку, “лібералізацыя абменнага курсу мае дапамагчы знізіць дэфіцыт бягучага рахунку, які быў велізарнаю праблемаю для Беларусі цягам апошніх некалькіх гадоў”.

“Хісткі абменны курс, мы думаем, будзе мець важнае значэнне для цэнтральнага банку, паколькі дасць магчымасць нарошчваць свае рэзервы да больш камфортнага ўзроўню. І з гэтай прычыны мы лічым, што патэнцыял вонкавага падтрымання – як у выглядзе крэдытаў, гэтак і ў выглядзе паступленняў ад прыватызацыі – можа адыграць вельмі карысную ролю ў забеспячэнні вонкавай стабільнасці “, – адзначыў ён.

Крыс Джарвіс таксама пазітыўна ацаніў рашэнне Нацбанку аб правядзенні дадатковай сесіі на валютна-фондавай біржы. “Механізм, які маецца на ўвазе, я думаю, ёсць вельмі добрым першым крокам. Я спадзяюся, што гэта першы крок да поўнай уніфікацыі абменнага курсу. Бо гэта тое, што мы сапраўды мусім бачыць у якасці часткі праграмы, якую мог бы падтрымаць МВФ”, – падкрэсліў кіраўнік місіі.

belsat.eu

Стужка навінаў