Яраслаў Раманчук: акцыянаванне прадпрыемстваў не выратуе эканомікі


Да 2013 г. урад плануе акцыянаваць больш за 500 дзяржаўных прадпрыемстваў.

Урад Беларусі хоча, каб прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў адбылася шляхам акцыянавання.

“За тры гады плануецца акцыянаваць больш за 500 прадпрыемстваў розных галінаў эканомікі, за выключэннем арганізацыяў энергетыкі ды газазабеспячэння, якія адказваюць за энергетычную бяспеку краіны”, – адзначыла старшыня Фонду дзяржмаёмасці Наталля Жарнасек.

Паводле суразмоўніцы, за апошнія два гады зрэалізавалі 14 прыватызацыйных гешэфтаў на агульную суму прыкладна 3 млрд долараў. Сярод іх – продаж 50% акцыйяў «Белтрансгазу», прыватызацыя дзяржаўнага аператара мабільнай сувязі «БеСТ» і набыццё Ашчадным банкам РФ беларускага «БПС-Банку».

Сёлета працэдура акцыянавання завершыцца на трох буйных прадпрыемствах: на «Беларуськаліі», «Гомельтранснафце» і наваполацкім прадпрыемстве транспартавання нафты «Дружба». Завяршаецца таксама акцыянаванне станкабудаўнічых прадпрыемстваў.

Эканаміст Яраслаў Раманчук заўважае, што ў выніку акцыянавання найбольшы пакет акцыяў застаецца ў дзяржавы. Таму становішча стратных прадпрыемстваў гэта не палепшыць. Каб іх выратаваць, прыватызацыя мусіць адбыцца шляхам продажу.

“Эфектыўнаю прыватызацыю можна лічыць толькі тады, калі будуць створаныя ўмовы для свабоднай канкурэнцыі. Нядаўна дзяржава выставіла на продаж пяць буйных прадпрыемстваў – і не атрымала ніводнай прапановы, бо пакупнікам давалі ў нагрузку 25 дадатковых умоваў”.

Тым часам прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю польскім журналістам, што ў Беларусі працэс прыватызацыі вельмі бюракратызаваны, і зроблена гэта адмыслова.

belsat.eu

Стужка навінаў