Дзявятым Лукашэнка памілаваў «навушніка» Хамічэнку


Як высветлілі праваабаронцы, дзявятым памілаваным у справе аб масавых беспарадках 19 снежня ў Менску стаў Уладзімір Хамічэнка, які ў сеціве атрымаў мянушку “навушнік”. Ён пакінуў калонію № 19 пад Магілёвам.

Уладзімір Хамічэнка быў заўважаны на мностве фота-і відэаматэрыялаў перад дзвярыма Дому ўрада 19 снежня, на якіх ён нібыта папраўляў слухаўку і нешта перадаваў. За ўдзел у масавых беспарадках ён быў асуджаны 5 траўня судом Кастрычніцкага раёну Менску да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, яму прызначылі прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму ў месцах адбывання пакарання.

У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі афіцыйна не называюць прозвішчаў дзевяці ўдзельнікаў снежаньскіх падзеяў, памілаваных указам прэзідэнта ад 11 жніўня.

13 жніўня з бабруйскай калоніі выйшлі Дзмітрый Дрозд, Арцём Грыбкоў і Сяргей Казакоў, з калоніі пад Магілёвам – Яўген Сакрэт, з калоніі ў Віцебскім раёне – Уладзімір Яроменак, з аршанскай калоніі – Васіль Парфянкоў, з наваполацкай – Віталь Мацукевіч, з калоніі ў Івацэвічах – Аляксандр Квяткевіч.

Праваабаронцы не выключаюць, што Аляксандр Лукашэнка можа памілаваць таксама экс-кандыдатаў на прэзідэнта – Андрэя Саннікава, Міколу Статкевіча і Дзмітрыя Вуса без прашэння з іхнага боку. Падстава для такіх здагадак – гісторыя з вызваленнем кандыдата на прэзідэнта выбараў 2006 г. Аляксандра Казуліна, якога Лукашэнка памілаваў без прашэння.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары