Наталля Радзіна: Спадзяюся, сітуацыя са справаю Бяляцкага паслужыць урокам


Журналістка Наталля Радзіна ў інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» пракаментавала інцыдэнт з выдачаю Літвою Беларусі звестак пра банкаўскія рахункі ды распавяла пра акалічнасці сваіх уцёкаў з-пад хатняга арышту.

Сёння стала вядома, што журналістка Наталля Радзіна працяглы час хавалася ад беларускіх спецслужбаў у Маскве, пасля чаго атрымала магчымасць з’ехаць у Еўропу. Журналістка гаворыць, што мае намер атрымаць прытулак у Літве, бо менавіта ў Вільні працуе рэдакцыя сайту «Хартыя’97». «Кіраваць рэдакцыяй дыстанцыйна вельмі складана. Я гэта рабіла ў Кобрыне, у Маскве, і цяпер мне трэба ўз’яднацца з калегамі ды паўнавартасна працаваць, – кажа Наталля Радзіна. – Я з’ехала перадусім таму, што не было ніякай магчымасці працаваць у Беларусі. Цягам 2010 года ўлады зрабілі ўсё магчымае дзеля таго, каб спрабаваць спаралізаваць працу сайту «Хартыя’97». Гэта вобшукі, фактычна разгромы, гэта чатыры крымінальныя справы, апошняя з якіх пагражала мне 15 гадамі зняволення».

Журналістка прызнаецца: былі асцярогі адносна таго, што ўлады Расеі могуць выдаць яе беларускім спецслужбам. «Існуюць дамоўленасці, існуе цесная супраца паміж расейскімі ды беларускімі спецслужбамі, але я старалася не паказвацца ў публічных месцах, не выходзіць на сувязь, не тэлефанаваць нікому з Масквы. Тым не менш, мяркуючы па тым, што мяне выпусцілі з Расеі, я разумею, што расейскія ўлады не мелі намеру выдаваць мяне Беларусі», – кажа Наталля Радзіна.

Што да інцыдэнту з выдачаю Літвою звестак пра банкаўскія рахункі беларусаў, што прывяло да арышту кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, журналістка спадзяецца, што гэта «паслужыць урокам як для літоўскіх уладаў, гэтак і для ўладаў іншых еўрапейскіх краінаў». «Не магчымая ніякая супраца з дыктатарскім рэжымам, час пераходзіць ад дэкларатыўных заяваў у падтрыманне дэмакратычных сілаў да рэальных дзеянняў. Трэба зразумець, што ніякіх справаў з дыктатураю мець Еўропе немагчыма, у тым ліку не толькі прававой, але і эканамічнай супрацы», – падкрэсліла Наталля Радзіна.

belsat.eu
https://youtu.be/-dNmfPtZZkI
https://youtu.be/mQ9BOo7dEZo

Глядзі таксама
Каментары