Дэфолту не будзе


Амерыканскія кангрэсмены дамовіліся пра ліміт дзярждоўгу.

Пакуль у Кангрэсе ішлі спрэчкі, прапагандысты ў Беларусі павярнулі дрэнныя звесткі на сваю карысць. Навіны на беларускім дзяржаўным тэлебачанні асвятлялі складаную эканамічную сітуацыю ў Штатах – журналісты заяўлялі пра тое, што ЗША вінаватыя ў надзённых праблемах Беларусі, а таксама ўвесь час паўтаралі, што амерыканская мадэль эканомікі далёкая ад ідэалу, а таму ўсе прэтэнзіі амерыканцаў да Беларусі беспадстаўныя.

“Улады ЗША прадэманстравалі, што яны могуць дамовіцца з апазіцыяй у найважнейшых пытаннях для краіны і ўсяго свету. На гэтую тэму спекулююць у дзяржаўных медыях, і гэта сведчыць толькі пра тое, што няма рэальных айчынных вынікаў, якія можна прадэманстраваць гледачам. Мясніковіч чарговы раз абяцае, што “праз месяц вырашыцца сітуацыя з замежнаю валютаю”, аднак яна калі і вырашаецца, то не на карысць грамадзянаў. ЗША, безумоўна, аказваюць уплыў на развіццё сусветнай эканомікі, але ў тым, што ў нас цяпер крызіс, вінаватыя толькі самі беларусы і ўлады, якія нераўнамерна выкарыстоўвалі сродкі перад выбарамі ды стварылі штучныя перашкоды для нармальнага функцыянавання бізнесу”, – адзначыла эканаміст Ірына Урбан.

Доўг ЗША дасягнуў рэкорднай лічбы – $ 14,5 трлн. Аднак існуе заканадаўчае абмежаванне, паводле якога доўг не можа перавышаць гадавога ўнутранага валавога прадукту. 2 жніўня доўг акурат дарос бы да памеру УВП, і ўлады былі б змушаныя абвесціць тэхнічны дэфолт. Эканаміст Ірына Урбан тлумачыць, што гэта магло б прывесці да непрадказальных наступстваў у сусветнай эканоміцы. “Гэта значыць, што ўрад ЗША паведаміў бы, што не можа выдаць усіх пазыкаў. І людзі ва ўсім свеце згубілі б свае ўкладанні, бо долар – адна з самых распаўсюджаных валютаў”.

Было некалькі выйсцяў з гэтай сітуацыі. Напрыклад, прапаноўвалася ўзняць падаткі для забяспечаных амерыканцаў. З гэтым катэгарычна не пагаджаліся рэспубліканцы – яны настойвалі на тым, каб абмежаваць выдаткі на бедных грамадзянаў. Пасля Барак Оўбама папрасіў апазіцыю дазволіць падняць ліміт доўгу яшчэ на некалькі трыльёнаў, наўзамен ён абяцаў скараціць выдаткі бюджэту. Дыскусіі працягваліся да апошняга дня. Сёння ўначы парламентары дамовіліся – дэфолту не будзе. Аднак канчатковага галасавання ўсіх кангрэсменаў яшчэ не было – фармальна закон пакуль не прыняты.

belsat.eu

Стужка навінаў