Стаўка рэфінансавання будзе павышацца


Заявіў падчас онлайнавага відэабрыфінгу старшыня праўлення «МТБанку» Андрэй Жышкевіч.

Паводле яго, Нацбанк, павышаючы стаўку рэфінансавання, «дзее цалкам правільна з пункту гледжання макраэканомікі; стаўка рэфінансавання мае быць блізкаю да ўзроўню інфляцыі».

На погляд кіраўніка «МТБанку», аптымальнаю ёсць стаўка рэфінансавання ў межах 40–45 %. «Менавіта столькі склаў індэкс [росту] спажывецкіх цэнаў у чэрвені сёлета ў параўнанні з леташнім чэрвенем», – зазначыў Андрэй Жышкевіч.

Павышэнне стаўкі рэфінансавання адаб’ецца на ўзроўні ставак па крэдытах і дэпазітах на рынку ў цэлым – яны таксама вырастуць, сказаў ён. Закранаючы праблему падаражання крэдытаў, банкір падкрэсліў, што важна, «наколькі стаўка перавышае ўзровень натуральнай інфляцыі; такім чынам і вымяраецца рэальны кошт крэдытаў і дэпазітаў».

Старшыня праўлення «МТБанку» мяркуе, што крэдытаатрымальнікі здольныя справіцца з падаражаннем пазыковых сродкаў. Пры гэтым банкі таксама не застаюцца ў баку ад праблемы. Паводле Андрэя Жышкевіча, каб стварыць для кліентаў камфортныя ўмовы крэдытавання, шэраг банкаў пачаў актыўна развіваць такую форму крэдытавання, як куплю рублёвых аблігацыяў. «Кліент, які змяніў банкаўскі крэдыт на аблігацыю, атрымлівае змяншэнне адсоткавай стаўкі», – зазначыў ён.

Апошні раз стаўку рэфінансавання павысілі 13 ліпеня – з 18 да 20 % гадавых. Гэта ўжо шостае з пачатку 2011 г. павелічэнне стаўкі. Яна павышалася 16 сакавіка (з 10,5 да 12 %), 20 красавіка (да 13 %), 18 траўня (да 14 %), 1 чэрвеня (да 16 %) і 22 чэрвеня (да 18 % гадавых).

«Планамернае павышэнне адсоткавых ставак будзе спрыяць узмацненню прыцягальнасці рублёвых укладаў насельніцтва і арганізацыяў у банках, умацаванню курсу нацыянальнай валюты і тым самым росту даверу да яе з боку ўсіх эканамічных агентаў», – пракаментаваў Нацбанк змяненне стаўкі.

Міжтым асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі на 2011 г. прадугледжваюць зніжэнне стаўкі рэфінансавання да канца года да 8–10 % гадавых.

belsat.eu

Стужка навінаў