Выбух у менскім метро: чаму маўчыць следства?


Следчыя апасаюцца, што з-за агалашэння важных фактаў доказная база можа «рассыпацца» ў судзе – мяркуе Сяргей Сацук, які спецыялізуецца на журналісцкіх расследаваннях.

Журналіст адзначае, што цяпер следства ў складанай сітуацыі – з аднаго боку хада следства мусіць быць як мага больш галоснаю, каб людзі ведалі, а з іншага боку следчыя мусяць захоўваць сваю доказную базу. «Як, напрыклад, ацаніць дзеянні дзяўчыны, якая ведала пра тое, што рыхтуецца выбуховае прыстасаванне, але не паведаміла пра гэта? – гаворыць Сяргей Сацук. – Яна ведала, што рыхтуецца выбухоўка, але не ведала, што ён закладзе гэтае прыстасаванне ў метро. Можа, ён на пустыры што збіраўся падарваць. Суўдзельніца ці не? Калі цяпер следства штосьці скажа, маўляў, яна суўдзельніца, бо штосьці ведала, то гэта створыць грамадскае меркаванне. Адпаведна да разгляду судом суддзі гэта прачытаюць, у іх складзецца пэўнае меркаванне. То бок ужо – недапушчальны доказ, бо ўжо падалі перадузята».

Чакаецца, што суд над падазраванымі ў здзяйсненні тэракту мае быць адкрыты. «Тое, што следства хоча пусціць грамадскасць на суд – гэта я веру, аднак у нас ёсць хтосьці вышэйшы, хто можа вырашыць іначай», – зазначыў Сяргей Сацук. На ягоную думку, закрытае судовае разбіранне будзе негатыўнай акалічнасцю для следства. «Маўляў, ім ёсць што хаваць і з расследаваннем справы не ўсё так чыста, таму сам факт – будзе суд адкрыты ці не – будзе сведчыць шмат пра што», – падкрэсліў эксперт. Пры гэтым нават калі працэс будзе адкрыты, некалькі паседжанняў могуць прайсці за зачыненымі дзвярыма, калі будуць агучвацца акалічнасці спосабу вырабу бомбы або аператыўная інфармацыя пра пошук падазраваных.

Сяргей Сацук таксама адзначыў, што ў расследаванні ёсць некалькі супярэчнасцяў. Гэтак, паводле самай першай версіі, агучанай у медыях, бомба была начыненая кавалкамі арматуры, аднак не згадваліся шарыкі ад падшыпнікаў. Пра наяўнасць гэтых элементаў паведамілі пасля вобшукаў у падазраваных.

Выбух у менскім метро адбыўся 11 красавіка а 17:55 на станцыі «Кастрычніцкая». У выніку тэракту загінулі і памерлі ад атрыманых раненняў 15 чалавек. Каля 200 асобаў шпіталізавалі.

belsat.eu

Стужка навінаў