«Беларусь шматлікіх культураў»


Завершыўся фотаконкурс «Беларусь шматлікіх культураў», які праходзіў пад патранатам, сярод іншых, тэлебачання «Белсат». Арганізатарам імпрэзы і фундатарам узнагародаў быў еўрадэпутат Марэк Мігальскі. Пераможцаў чакае экскурсія ў Брусель. У конкурсе ўдзельнічалі 100 фотапрацаў. З увагі на высокі ўзровень конкурсных працаў для аўтараў вылучаных фатаграфіяў журы прызнала дадатковыя ўзнагароды.

Журы ў складзе Агнешкі Рамашэўскай-Гузы («Белсат»), Марэка Каміньскага (палярнік, падарожнік, мараплавец, пісьменнік, фатограф і прадпрымальнік) і Мацея Стаберскага (чалец Саюзу польскіх фотамастакоў) выбрала найлепшыя фотапрацы:

1-е месца: Міхаіл Капычка, «Раніца» (жаночы манастыр св. Мікалая, XVII ст.; Магілёў).

 Узнагароды:

1. Наста Лойка, «Касцёл св. Міхала і манастыр францысканцаў у Івянцы» (Івянец, Валожынскі раён, Менская вобласць).

2. Яначка Шымановіч, «Рамантыка руінаў» (разбураны палац Сапегаў; Ружаны, Берасцейская вобласць).

3. Анастасія, «Забытая капліца» (старая, забытая капліца ва ўсходнім стылі; Строчыцы, Менскі раён).

Конкурс «Беларусь шматлікіх культураў» адрасаваўся вучням старэйшых класаў і студэнтам, якія жывуць у Беларусі. Удзельнікі конкурсу мусілі прадставіць на сваіх фатаграфіях найбольш цікавыя, на іхнае меркаванне, помнікі даўніны: сакральнага, гістарычнага, абароннага дойлідства і г. д. Каб праз прызму гэтых фотаздымкаў можна было ўбачыць Беларусь вачыма яе жыхароў.

Апроч «Белсату» патронам конкурсу быў Цэнтр культуры г. Катавіцэ імя Крыстыны Бахэнэк.

Усе конкурсныя працы можна будзе ўбачыць у Верхнесілезскім цэнтры культуры імя Крыстыны Бахэнэк у г. Катавіцэ (Польшча). 26 лістапада (пятніца) а 19:00 у зале № 411 адбудзецца вернісаж, падчас якога запланаваны невялікі выступ Агнешкі Блоньскай.

Усе працы з 20 студзеня да 20 лютага 2011 г. будуць выстаўленыя ў Верхнесілезскім цэнтры культуры, у Галерэі V. Арганізатары просяць пацвердзіць сваю прысутнасць па нумары тэлефона 0-32 209 78 37 або па электроннай пошце: biuro@mmbiuro.pl

Стужка навінаў