Віталь Рымашэўскі: Людзі пакуль не гатовыя да актыўнага дзеяння


Патэнцыял “маўклівых акцыяў” вялікі, але людзі яшчэ не гатовыя да актыўнага дзеяння. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту ў стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Віталь Рымашэўскі. На ягоную думку, без палітычных патрабаванняў гэтыя акцыі могуць быць марныя. А сярод палітычных першым мае быць “патрабаванне вызваліць палітычных зняволеных, а ўжо затым мусяць гучаць эканамічныя ды іншыя патрабаванні”, – лічыць Віталь Рымашэўскі.

Тым не менш, гэтыя народныя пратэсты падштурхнулі апазіцыйных лідараў да аднаўлення перамоваў аб кансалідацыі. Паводле сустаршыні БХД, цяпер як ніколі ёсць “падставы, спрыяльныя для аб’яднання”. Рымашэўскі паведаміў, што ўжо ідуць даволі плённыя кансультацыі паміж найбуйнейшымі дэмакратычнымі структурамі.

Віталь Рымашэўскі кажа, што БХД яшчэ не вызначылася, у якім фармаце ўдзельнічаць у парламенцкай кампаніі 2012 г. Паводле яго, хрысціянскія дэмакраты “ўдзел браць будуць, але ці будзе гэта ўдзел у вылучэнні кандыдатаў, ці байкот, гэта будзе залежаць ад паводзінаў уладаў”. Без вызвалення палітвязняў і змены выбарчага заканадаўства вылучэнне кандыдатаў бессэнсоўнае, мяркуе сустаршыня БХД.

belsat.eu

Стужка навінаў