Прадстаўніца ААН: Беларусь яшчэ сутыкнецца з праблемаю бежанцаў


Пакуль жа статус бежанца ў нашай краіне штогод атрымліваюць у сярэднім каля 60 чалавек.

Беларусь рана ці позна сутыкнецца з праблемаю бежанцаў, нягледзячы на тое што месціцца ў далечыні ад гарачых кропак, такіх як Паўночная і Заходняя Афрыка ці Блізкі Усход. Такое меркаванне выказала на прэс-канферэнцыі 16 чэрвеня кіраўніца прадстаўніцтва Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН у справах бежанцаў (УВКБ ААН) у Беларусі Шоле Сафаві.

Яна ўпэўненая, што ўлады Беларусі падрыхтаваліся да развязання гэтай праблемы і змогуць справіцца з плынню бежанцаў – тымі, хто захоча атрымаць прытулак у Беларусі ці толькі будзе перасякаць нашу тэрыторыю транзітам.

Як адзначыла Шоле Сафаві, УВКБ ААН высока ацэньвае дасягненні Беларусі ў стварэнні ды рэалізацыі заканадаўства, звязанага з абаронаю бежанцаў. Паводле яе, краіна выконвае прынцып невысылання бежанцаў і праводзіць іхную сацыяльна-эканамічную інтэграцыю ў беларускае грамадства.

Напрыклад, прадстаўніца ААН распавяла, што ў траўні ў Менску адкрылі невялікае швейнае прадпрыемства для падтрымання афганскіх бежанцаў. Яна таксама адзначыла, што летась для забеспячэння бежанцаў працаю адкрылі пякарню ў Горадні і кавярню-більярд у Гомлі.

Таксама Шоле Сафаві паведаміла, што ў снежні 2011 г. у Жэневе пад эгідай УВКБ ААН плануецца правесці міжнародны форум наконт праблемаў бежанцаў, на які запрошаны і міністр унутраных справаў Беларусі Анатоль Куляшоў. Як адзначыла Сафаві, паводле яе інфармацыі ён зможа прыехаць у Швейцарыю.

З 1997 г. статус бежанцаў у Беларусі атрымалі 830 чалавек з 13 дзяржаваў. Амаль 71 % з іх – грамадзяне Афганістану, паведаміў кіраўнік дэпартаменту грамадзянства і міграцыі Міністэрства унутраных справаў Аляксей Бягун. 121 асоба атрымала беларускае грамадзянства. Паводле інфармацыі начальніка упраўлення міжнароднай супрацы Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Юрыя Фёдарава, за год на мяжы просяць прытулак прыкладна 20 чалавек.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары