Дзяржкантроль "зачысціць" забудоўшчыкаў?


Пачынаюцца масавыя праверкі, якія датычаць завышанага кошту на жытло, а таксама неадпаведнасці тэрмінаў здачы жытла ў эксплуатацыю.

Паводле старшыні галоўнага ўпраўлення КДК па Менску Івана Рамановіча, за апошні час паступіла шмат скаргаў ад насельніцтва, якія датычаць сферы будаўніцтва. «Выявілася сур’ёзная праблема – некаторыя забудоўшчыкі заключылі дамовы з кліентамі па тарыфах, прывязаных да долара. У звязку з падаражаннем валюты кошт на кватэры ўзняўся ў разы. Натуральна, што людзі пачалі абурацца з гэтага. Прававая ацэнка такіх дзеянняў забудоўшчыкаў будзе дадзеная ў бліжэйшы час, але ўжо сёння я магу дакладна сказаць: дамовы, дзе кошт на квадратны метр прапісаны ці прывязаны да долара, – грубае парушэнне заканадаўства», – адзначыў чыноўнік.

Другая не менш сур’ёзная праблема – тэрміны здачы жытла ў эксплуатацыю. Забудоўшчыкі нярэдка спазняюцца на некалькі месяцаў, хоць тэрміны дакладна прапісаныя ў дамове. У такім выпадку, праўда, кампаніі страхуюць сябе тым, што прапісваюць кампенсацыю памерам каля 0,000001 % – гэта не больш за 200 руб. на дзень. Але некаторыя кліенты ўсё ж складаюць позвы ў суд на парушэнне пунктаў дамовы з боку кампаніі.

У Менску на вул. Судмаліса дом здалі ў эксплуатацыю два гады таму без правядзення газу, а кватэры пры будаўніцтве «згубілі» некалькі метраў. Жыхары па сутнасці не могуць пасяліцца ў сваіх кватэрах. «Наш дом будавала дзяржаўнае УКБ [Упраўленне капітальнага будаўніцтва], але мы ніяк не можам дабіцца праўды і кампенсацыі за панесеныя страты. Цяперашні дырэктар УКБ вяртаць нам грошы не збіраецца. Тым не менш, па тысячы долараў з кожнай кватэры яны атрымалі за недабудаваны метр. У суме гэта 126 тысяч долараў за 126 нашых кватэраў. Чатыры папярэднія дырэктары сядзяць у турме за крадзяжы, старшыня адміністрацыі Ленінскага раёну толькі разводзіць рукамі», – кажа ўласніца адной з кватэраў Юлія Несцерава. Разам з суседзямі яна ўжо звярнулася ў Камітэт дзяржкантролю і суд.

belsat.eu

Стужка навінаў