Цыгарэты падаражэюць больш за бензін і цукар


З 8 чэрвеня раздробныя цэны на тытунёвыя вырабы павышаюцца на 10–60 %.

Гэткае рашэнне ўтрымлівае пастанова Міністэрства эканомікі № 86 ад 6 чэрвеня 2011 года, апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Цыгарэты маркі “Camel” вытворчасці “Табака-Інвест” будуць каштаваць 4550 рублёў за пачак (рост на 42 %), а, напрыклад, “Monte Carlo” – 2 840 (на 30 %). Цыгарэты без фільтра “Астра” і “Прыма” вытворчасці табачнай фабрыкі “Нёман” будуць каштаваць 1 180 рублёў за пачак (на 47,5 % і 51,2 % больш).

У той жа час цыгарэты маркі “Горадня”, “Камбат”, “Vogue” гарадзенскай вытворчасці не падаражэлі, а вось імпартны “Vogue” будзе каштаваць 8 120 (даражэй на 62 %). Кошт імпартных цыгарэтаў маркі “Davidoff” складзе 7 580 рублёў (вырас на 55 %), “Glamour” – 3 800 (на 58 %), “Dunhil Fine Cut” – 9 050 (на 51 %).

У распаўсюджаным 7 чэрвеня каментары Мінэканомікі адзначаецца, што рашэнне абумоўленае перш за ўсё ростам курсу замежных валютаў адносна беларускага рубля, што ўлічваюцца пры фармаванні цэнаў на тытунёвыя вырабы, а таксама ў мэтах выканання плану захадаў у барацьбе з паленнем у адпаведнасці з палажэннем канвенцыі Сусветнай арганізацыі здароўя, а таксама папярэджання несанкцыянаванага вывазу тытунёвых вырабаў за межы рэспублікі.

Апошні раз цэны на тытунь павышаліся 16 красавіка 2010 г. (на некаторыя маркі цыгарэт фабрыкі “Нёман” – на 2,1–21,6 %).

Адным з лідараў падаражання сёлета стаў бензін. 7 чэрвеня цана на яго падвысілася на 31 %, гэта ўжо чацвёртае падаражанне сёлета і другое за апошнія два тыдні.

7 чэрвеня з’явілася паведамленне пра падаражанне свініны на 10 % цягам чэрвеня. Дагэтуль кошт на яе падвышалі на 8 % у траўні.

Гарэлка з пачатку года таксама даражэла ўжо двойчы: у студзені цана павялічылася на 5 %, а напрыканцы траўня – яшчэ на 10 %. Тады ж на 40 % вырасла цана на цукар, які аказаўся ў лідарах падаражання сярод харчоў разам з памідорамі (40,4 %), просам (на 38,9 %), капустаю (36,8 %), алеем (25,3 %), гарбатаю (23,7 %), буракамі (22,4 %) і маянэзам (20 %).

Кошты на грэцкую крупу, рыбу і рыбапрадукты, макарону, хлеб, кандытарскія вырабы, пшанічную муку, курыныя яйкі, малочныя прадукты, мяса і птушку, сыры, кілбасу, а таксама садавіну выраслі сёлета на 2–16 %.

belsat.eu

Стужка навінаў