Ненавагодні зварот ад Пракоп’ева, Ягорава і Сахашчыка


На канале Вадзіма Пракоп’ева з’явіўся ненавагодні зварот, адрасаваны беларусам. У ім грамадскі дзеяч Вадзім Пракоп’еў, спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў і міністр абароны Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Валер Сахашчык віншуюць беларусаў з Новым годам і заклікаюць узяць удзел у галасаванні ў Каардынацыйную раду, якое мае адбыцца налета.

Андрэй Ягораў, Вадзім Пракоп’еў і Валер Сахашчык павіншавалі беларусаў з Новым годам і заклікалі ўзяць удзел у галасаванні ў Каардынацыйную раду.
Фота: здымак з відэа / Вадим Прокопьев / YouTube

Вадзім Пракоп’еў звяртаецца да беларусаў з Нью-Ёрку. Ён адзначыў, што Лукашэнка, азартна выціскаючы з краіны «лішніх» людзей, сфармаваў цэлую армію беларусаў за мяжой, якая, аб’яднаўшыся ў рух, можа стацца сур’ёзнаю палітычнаю сілай. Адзін з важных крокаў, якія заклікаў рабіць Пракоп’еў, – гэта ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду.

«Гэтыя дзве хады – новая рабочая Каардынацыйная рада і масавы рух дыяспараў – яшчэ не выгуляная партыя, але моцны пачатак у гульні за будучыню нашай краіны», – сказаў Пракоп’еў.

Андрэй Ягораў адзначыў, што на сёння адной веры ў перамогу недастаткова, патрэбны план перамогі. І гэты план – стварэнне «протапарламенту, які стане маяком для тых, хто змагаецца ўнутры Беларусі». Такім протапарламентам, на думку Ягорава, мае стаць абраная беларусамі Каардынацыйная рада, якая зробіцца асноваю для нашага сапраўднага цэнтру сілы.

Валер Сахашчык звярнуўся да беларусаў з Кіева. Ён адзначыў, што разам з Андрэем Ягоравым і Вадзімам Пракоп’евым яны праехалі шмат гарадоў і часта чулі словы «давайце яднацца». У звязку з гэтым Сахашчык заклікаў беларусаў стварыць Каардынацыйную раду такою, «каб яна сапраўды рэпрэзентоўвала волю народу, выбіралася народам, была падсправаздачнаю народу і ўпэўнена павяла беларускі народ да лепшай будучыні».

«Памятайце, сябры: толькі разам мы можам змяніць хаду гісторыі. Жыве Беларусь!» – такімі словамі скончылася ненавагодні зварот.

Нагадаем, што падчас галасавання ў Каардынацыйнай радзе 8 снежня 2023 года было вызначана, што выбары трэцяга складу пройдуць не пазней за другі тыдзень сакавіка 2024-га. Новы склад абяруць на два гады. Туды ўвойдуць 120 чалавек (цяпер 115 месцаў). Васьмёра з іх – палітычныя вязні, якія ўсё яшчэ застаюцца ў беларускіх турмах.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў