Кіберпартызаны ўзламалі сайт БелТА


Напярэдадні Новага года кіберпартызаны ўзламалі сайт галоўнага прапагандысцкага выдання – БелТА. На кароткі час там з’явіліся віншаванні з Новым годам ад удзельнікаў кібергрупоўкі і заклік «Жыве Беларусь!».

Гэтак выглядала першая старонка сайту БелТА пасля атакі.
Фота: КиберПартизаны / Telegram

«Наносім удар у самае сэрца дзяржаўнай прапаганды Лукашэнкі – па камп’ютарнай сетцы Беларускага тэлеграфнага агенцтва», – выступілі з заявай у сваім тэлеграм-канале кіберпартызаны.

Паводле інфармацыі на канале, узламалі нутраную сетку і асноўныя сайты, выпампаваныя 90 Гб звестак, разам з нутранымі дакументамі, бухгалтэрыяй і асабістымі звесткамі працаўнікоў. У тым ліку зачышчаныя ўся бухгалтэрыя, працоўныя станцыі, архівы, бэкапы і серверы ўэб-сайтаў.

Адна са старонак БелТА пасля ўзлому.
Фота: КиберПартизаны / Telegram

Згодна з інфармацыяй, што даходзіць знутры БелТА, пішуць кіберпартызаны, праца ў офісах паралізаваная.

Нагадаем, што кіберпартызаны неаднаразова атрымлівалі доступ да дакументацыі і рэсурсаў розных дзяржаўных установаў. Гэтак, у ліпені 2023 года была ўзламаная ўся сетка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. 5 верасня кіберпартызаны атрымалі доступ да дакументаў Беларускага Чырвонага Крыжа, які вінавацяць у суўдзеле ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. У гэтым дакументах былі сведчанні пра супрацу БЧК з дзяржаўнымі структурамі, а таксама пра вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь.

Таксама 5 верасня 2023 года кіберпартызаны ўзламалі партал прапагандысцкага радыё «Мир» і сайт баранавіцкай раёнкі «Наш край».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў