Чаму міністр з Еўразвязу сустрэўся з Лукашэнкам? Інтэрв'ю з польскім палітолагам


Аляксандр Лукашэнка абараняе Еўрапейскі Звяз, які ён жа сам і атакуе. Нерукапаціскальны кіраўнік Беларусі знайшоў таго, хто яму паціснуў руку. У Менск на Еўразійскі форум бяспекі прыехаў вугорскі міністр замежных справаў і гандлю Петэр Сіярта, да якога Лукашэнка звяртаецца папросту Петэр. Якую гульню вядзе Аляксандр Лукашэнка з Вугоршчынаю Віктара Орбана? Каментуе аналітык у справе Беларусі ў варшаўскім Цэнтры ўсходніх даследаванняў Каміль Клысіньскі.

Той факт, што Петэр Сіярта прыляцеў на Еўразійскі форум бяспекі, – добрая ці дрэнная навіна?

З гледзішча дэмакратычных краінаў, гэта дрэнная навіна, бо краіны Еўразвязу не захоўваюць адзінства. Вядома, Вугоршчына – гэта выключэнне. Пераважная большасць краінаў у Еўразвязе за тое, каб не весці такім чынам у прысутнасці так званага расейскага калегі гэтыя перамовы, і супраць прымірэння з Лукашэнкам у кантэксце вайны і ўсіх гэтых сумных дзеянняў, якія адбываюцца ўнутры Беларусі, такой колькасці палітвязняў. Гэта дрэнная навіна і для Вугоршчыны, але тут я не буду ўнікаць у вугорскія ўнутраныя справы. Ні для каго не сакрэт, што адносіны Будапэшту і Бруселю не самыя станоўчыя. Ёсць шмат розных спрэчак, і Лукашэнка абраў вельмі прапагандысцкі канал сувязі з Еўразвязам самай дрэннай якасці. У Будапэшту самыя дрэнныя адносіны з еўразвязаўскай адміністрацыяй, Еўракамісіяй, калі параўноўваць з іншымі краінамі ў Еўразвязе. Гэта індывідуальная гульня Будапэшту, як мне здаецца.

Лукашэнка зрабіў дзіўную, парадаксальную заяву, якая супярэчыць таму, што ён робіць. Ён заявіў, што прэзідэнт Беларусі ёсць ярым прыхільнікам захавання Еўрапейскага Звязу. Гэта дзіўна гучыць у квадраце. Па-першае, пагрозы Еўрапейскаму Звязу ніякай няма. Вялікая Брытанія выйшла, але больш праблемаў няма. Другая справа, што Лукашэнка ўжо трэці год дапамагае арганізоўваць міграцыйны крызіс, які атакуе межы Еўразвязу. Чаму Петэру Сіярта, якога ён называе папросту Петэр, Лукашэнка робіць такую заяву? Будапэшт – не еўрааптымісты, якія любяць Брусель. Яны акурат скептыкі. Гэта заява за Еўразвяз супраць ЗША?

Я б не рабіў такога глыбокага аналізу. Гэта старыя добрыя традыцыі Лукашэнкі, які вядомы тым, што выказваецца вельмі супярэчліва. Адразу пасля размовы з Сіяртам ён сустракаецца з Лаўровым, якому кажа, што гэта гэта гульня і мы будзем найлепшымі саюзнікамі Расеі. Гэта рыторыка Лукашэнкі, павышэнне ягонага асабістага камфорту. Тут таксама кавалак прапаганды і пасылу на ўнутраным полі для гледачоў дзяржаўнага тэлебачання. Хтосьці з Еўразвязу на даволі высокім узроўні, міністр замежных справаў адной з краінаў – чальцоў Еўразвязу, прыязджае ў Менск, удзельнічае ў канферэнцыі, ухваляе ініцыятывы Лукашэнкі і ягоных дыпламатаў. Гэта важна, але гэта не будзе пераломным момантам і нічога не мяняе.

Каментар
Навошта Вугоршчыне Лукашэнка? Бо гэта ёй нічога не каштуе, тлумачыць Фрыдман
2023.10.26 15:38

У сэнсе PR Лукашэнка на сёння трыумфуе? Сіярта прыляцеў з Будапэшту, Лаўроў прыляцеў з Масквы. Менск робіцца ледзь не цэнтрам Еўразіі. Сюды ўсе прылятаюць і з Лукашэнкам размаўляюць пра вайну, мір, Еўрапейскі Звяз. Ён усім дае рэкамендацыі, як і што трэба зарганізаваць.

Гэта вельмі сціплы напамін пра тое, што было да 2020 года. Я таксама ездзіў на канферэнцыі Менскага дыялогу 2018 і 2019 года, калі Лукашэнка прымаў гасцей, выступаў асабіста. Было вельмі шмат розных сустрэчаў. Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа яшчэ ў студзені 2020 года прыехаў ад імя Доналда Трампа. Гэта быў пік магчымасцяў беларускай дыпламатыі і Беларусі ў цэлым у свеце. А цяпер гэта толькі бедныя ўспаміны, цень велічы тых дасягненняў. Лукашэнка спрабуе нешта ўзнавіць, але магчымасці вельмі сціплыя. Ён быў у размове больш сумленным з Лаўровым, калі казаў яму, што нічога не зменіцца і будзе галоўным саюзнікам і партнёрам Расеі, чым нахлусіў Сіярта, што Еўразвяз для яго важны і што ён зацікаўлены ў развіцці дачыненняў. Ён не зацікаўлены, а нават калі б быў, то не мог бы гэтыя дачыненні развіваць, бо застаецца блізкім саюзнікам Расеі.

Пасля сустрэчы з Петэрам Сіяртам Лукашэнка размаўляў з міністрам замежных справаў Расеі Лаўровым, дзе ён заявіў, што ніякай гульні быць не можа і Беларусь ёсць надзейным саюзнікам Расеі. Але ўсё ж ён спрабуе хаця б у прапагандысцкім сэнсе весці нейкую гульню і запрасіў прэм’ера Вугоршчыны Віктара Орбана. Віктар Орбан не можа запрасіць Лукашэнкі да сябе, але Орбана Лукашэнка запрасіў. Прэмʼер-міністр Вугоршчыны паедзе ў Менск ці не?

Гэта пытанне спецыялістам у справе Вугоршчыны, але я б не здзівіўся. Калі сёлета Орбан ужо другі раз адправіў свайго міністра ў Менск, а міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік пабываў у красавіку ў Будапэшце, можа зʼявіцца і наступны крок.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 26.10.2023

belsat.eu

Стужка навінаў