Юрый Чыж страціў прыхільнасць Лукашэнкі, але частку бізнесу здолеў захаваць


Беларускія журналісты-расследавальнікі ў партнёрстве з літоўскім расследавальным цэнтрам Siena і пры падтрымцы OCCRP і Кіберпартызанаў звярнулі ўвагу на колішняга галоўнага гаманца Лукашэнкі Юрыя Чыжа. Праўладны алігарх трапіў у апалу, але насамрэч яго імперыя даволі вялікая, паведамляе Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

Бізнесмен Юрый Чыж.
Фота: Sputnik

Беларускі расследавальны цэнтр прысвяціў сваю чарговую працу Юрыю Чыжу. Алігарх, які раней лічыўся галоўным гаманцом Лукашэнкі патрапіў у апалу і нават трапіў за краты. Цяпер ён на волі. А яго бізнес працягвае працаваць.

Hавiны
Медыі: бізнесовец Юрый Чыж выйшаў на волю
2022.09.12 15:37

Журналісты высветлілі, колькі алігарх мог зарабіць, дзякуючы сувязям з Лукашэнкам. Яшчэ ў 2021 годзе Юрый Чыж пры дапамозе літоўскага прадпрымальніка і сінгапурскай кампаніі «Savoil LLP» за пяць месяцаў атрымаў 800 мільёнаў долараў. Па выніках 2012 года выручка алігарха склала прыкладна 5 млрд долараў. Эксперты лічаць, што гэтыя грошы алігарх зарабіў на схеме растваральнікаў-разбаўляльнікаў.

Юры Чыж пасля знаёмства з Лукашэнкам атрымаў доступ да нафтавай галіны ў пачатку 2000-х гадоў. Пазней алігарх прыйшоў і ў іншыя сферы: фармацэўтычны завод, будоўля.

Лукашэнка ўзнагароджвае Чыжа, 2013 год.
Фота: president.gov.by

У сакавіку 2016 года супраць Юрыя Чыжа завялі справу аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Прадпрымальнік трапіў за краты. Але ў верасні яго вызвалілі. Паведамляецца, што алігарх «выплаціў кампенсацыю» ў памеры 11-12 млн долараў. У сакавіку 2021-га Чыжа чарговы раз затрымалі нібыта за ўхіленне ад выплаты падаткаў. На волю ён выйшаў у верасні сёлета.

Але і цяпер Чыж мае бізнес. Частку актываў ён раней запісаў на дзяцей, яшчэ некалькі выкупілі звязаныя з ім людзі.

Так, напрыклад, прыбліжаныя да алігарха людзі валодаюць сеткай крамаў «ProStore». Турыстычны комплекс каля вёскі Сабалі ў Берасцейскай вобласці таксама набылі ягоныя партнёры.

Старэйшы сын Чыжа Сяргей кіруе прадпрыемствам «Данпрод», а малодшы сын Уладзімір кантралюе завод «ТрайплФарм», які выпускае антыбіётыкі.

Дачка алігарха Таццяна з’яўляецца ўладальніцай рэстарана-бровара «Ракаўскі бровар», чатырохпакаёвай кватэры ў комплексе «Ля Траецкага». Кошт апартаментаў дасягае амаль мільён долараў. Двухпавярховы катэдж у Драздах, які ацэньваецца ў 720 тыс долараў Юрый Чыж перад арыштам летась перапісаў на сваю нявестку.

Расследaванні
Царскія падарункі алігарха для Аляксандра Лукашэнкі
2021.11.29 18:30

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў