Вярхоўны Суд пакінуў без зменаў пакаранне Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай


Вярхоўны Суд разгледзеў апеляцыю на вырак колішнім кіраўніцам парталу TUT.by Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай і пакінуў яго без змяненняў. Пра гэта паведамляе прэсавая служба суда. 

Людміла Чэкіна і Марына Золатава на першым судовым паседжанні ў «справе TUT.BY».
Фота: sb.by

31 ліпеня 2023 года стала вядома, што судовая калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь у парадку апеляцыі разгледзела вырак Менскага гарадскога суда ад 17 сакавіка 2023 года ў крымінальнай справе ў дачыненні Людмілы Чэкінай і Марыны Золатавай.

«Прысуд пакінуты без змены, а апеляцыйныя скаргі – без задавальнення. Прысуд набыў законную моц», – гаворыцца ў паведамленні суда.

Нагадаем, што 17 сакавіка 2023 года суддзя Менскага гарадскога суда Валянціна Зянькевіч агучыла выракі фігуранткам «справы TUT.by»: колішняй галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай і былой генеральнай дырэктарцы выдання Людміле Чэкінай – 12 гадоў калоніі.

Марыну Золатаву абвінавацілі ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры, распальванні варожасці і закліках да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Журналістку асудзілі на 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Людміле Чэкінай нібыта за ўхіленне ад падаткаў, арганізацыю наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне варожасці, ды кіраўніцтва заклікамі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, таксама прызначылі 12 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Золатава і Чэкіна застаюцца за кратамі з траўня 2021 года. Яны прызнаныя палітзняволенымі.

У справе ёсць яшчэ тры фігуранткі, якія з’ехалі за мяжу пасля вызвалення з СІЗА: рэдактарка Вольга Лойка, карэспандэнтка Алена Талкачова і юрысконсульт Кацярына Ткачэнка. Яны ў вышуку. Справу супраць іх прыпынілі.

У сярэдзіне красавіка стала вядома пра памілаванне іншых дзевяцёх фігурантаў «справы TUT.by», якіх абвінавачвалі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Адбылося гэта пасля таго, як яны напісалі адпаведныя хадайніцтвы аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў