Палітзняволеная гомельская журналістка Ларыса Шчыракова сустрэлася з сынам у СІЗА


Гомельскай журналістцы і краязнаўцы Ларысе Шчыраковай 30 траўня дазволілі кароткатэрміновае спатканне з роднымі, на якое хадзіў і ейны шаснаццацігадовы сын Святаслаў, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Ларыса Шчыракова.
Фота: Ларыса Шчыракова / Facebook

Маці з сынам пабачыліся ўпершыню з дня затрымання 6 снежня 2022 года. На пачатку сустрэчы Ларыса расплакалася, але потым справілася з эмоцыямі і нават жартавала. Размова праходзіла па тэлефоне праз шкло цягам дзвюх гадзінаў.

Следства ў дачыненні Ларысы Шчыраковай скончылася, крымінальную справу паводле арт. 369-1 КК РБ («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») накіравалі ў суд. У чым канкрэтна абвінавачваюць журналістыку – невядома. Адвакат даў падпіску аб неразгалошванні.

Hавiны
Справу палітзняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай перадалі ў суд
2023.05.30 15:57

Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў доме. Ейнага няпоўнагадовага сына Святаслава міліцыя перадала ў сацыяльны прытулак. Забраў з прытулку падлетка бацька, які па выкліку сваякоў адмыслова прыехаў у Гомель з Новасібірску, дзе жыў асобна каля дзесяці апошніх гадоў.

Ларыса Шчыракова адышла ад журналістыкі яшчэ ў 2021 годзе, пра што заявіла публічна. Яна зарэгістравалася індывідуальнай прадпрымальніцай, здымала этнафотасесіі ў нацыянальных строях з уласнай калекцыі, пайшла вучыцца на псіхолага.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў