Беларусы пра дэвальвацыю: Гэта як сезонны грып


Што думаюць менчукі пра сітуацыю з рублём?

Беларусь 24 траўня наважылася на дэвальвацыю афіцыйнага курсу беларускага рубля. Такім чынам, курс долара да рубля павысіўся на 56 % (з 3155 да 4930 руб.).

Малады мянчук назваў дэвальвацыю натуральным працэсам, “які перыядычна адбываецца ў розных дзяржавах прыкладна ў адзін і той жа час”. Хлопец выказаўся метафарычна, сказаўшы, што дэвальвацыя падобная да сезоннага грыпу, а “хварэць ніхто не любіць” і “трэба своечасова рабіць прышчэпкі ды правільна лячыцца”.

Працаўніца сталічнай ВНУ заявіла, што цяпер яна хацела б атрымліваць такі рублёвы заробак, на які можна было б купіць столькі ж долараў, колькі і да дэвальвацыі. Жанчына не верыць у тое, што эканамічная сітуацыя стала вынікам няправільных паводзінаў насельніцтва. На месцы беларускага прэм’ера Міхаіла Мясніковіча, як сказала працаўніца ВНУ, яна б такіх заяваў не рабіла.

“Вельмі кепска – рубель абясцэніўся ўдвая, заробак таксама паменшаў, – падзяліўся сумнымі думкамі яшчэ адзін малады мянчук. – Ад адпачынку дакладна давядзецца адмовіцца”. Наяўная эканамічная сітуацыя – вынік таго, што “ўрад недагледзеў” і трэба было “праводзіць больш прадуманую эканамічную палітыку”, падсумаваў суразмоўца.

belsat.eu

Стужка навінаў