Міністэрства інфармацыі папоўніла ў апошнія дні 2022 года рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Туды, паводле рашэнняў беларускіх судоў, трапілі кніга пра Каран, старонкі ў сацыяльных сетках інфармацыйнага рэсурсу «КYKY» ды некаторыя іншыя выданні.
Рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўніўся 30 снежня, але судовыя рашэнні аб прызнанні выданняў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» выносіліся з 23 да 27 снежня.
Кнігу «Толкование десяти последних джузов Благородного Корана», у якой «разглядаюцца важныя пытанні, датычныя мусульманіна», прызнаў «экстрэмісцкай» 23 снежня суд Цэнтральнага раёну Менску.
«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаныя таксама інтэрнэт-старонкі ў «Instagram», «Twitter», «Facebook» ды іншых сацсетках інфармацыйнага рэсурсу «КYKY», а таксама інтэрнэт-сайты гэтага выдання і нават лагатып рэсурсу (рашэнне прымаў суд Чыгуначнага раёну Гомля).
У спіс трапілі і тэлеграм-канал «Менск 97 %» ды суполка «Свободный Жлобин | Free Zhlobin» у сацсетцы «ВКонтакте».
Так званы рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» публікуецца на афіцыйным сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Спіс займае ўжо 479 старонак і абнаўляецца ледзь не штодня.
Зміцер Міраш belsat.eu