Палітвязня Яўгена Батуру асудзілі да 2 гадоў «хіміі» за ўдзел у маршы МТЗ у 2020 годзе


30 верасня ў Цэнтральным судзе Менску суддзя Вікторыя Шабуня разгледзела справу палітвязня Яўгена Батуры і пакарала яго 2 гадамі «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову, паведамляе «Новы час».

Палітвязень Яўген Батура на волі пасля суда, 30 верасня 2022 года.
Фота: Новы час

Суд над Яўгенам Батурам пачаўся 29 верасня. Частка яго была закрытай. Менчука абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Падставай палічылі ўдзел у маршы МТЗ 14 жніўня 2020 года.

Яўген Батура віну прызнаў часткова, а ў апошнім слове папрасіў пры прызначэнні пакарання ўлічыць асабістую сямейную сітуацыю: цяжарнасць жонкі і выяўленае анкалагічнае захворванне ў бацькі.

Адвакатка палітвязня Таццяна Лішанкова прасіла апраўдаць ейнага падабароннага, бо ў ягоных дзеяннях адсутнічае склад злачынства.

У выніку суддзя Вікторыя Шабуня прызначыла Яўгену пакаранне ў выглядзе 2 гадоў «хіміі». Мужчыну вызвалілі ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе, арышт з ягонай маёмасці знялі.

Яўген Батура – мянчук, інжынер, 23 гады адпрацаваў на Менскім трактарным заводзе, але перад новым 2022 годам быў звольнены за грамадзянскую пазіцыю. Яго неаднаразова затрымлівалі і судзілі ў адміністратыўных справах.

Раніцай 29 чэрвеня ў дом да Яўгена Батуры прыйшлі з ператрусам сілавікі. Самога Яўгена затрымалі спачатку на 10 содняў і завезлі на Акрэсціна. Сваякам сказалі, што падставай затрымання былі падзеі 2020 года.

12 ліпеня стала вядома, што Яўгена Батуру перавялі з Акрэсціна на Валадарку і прад’явілі абвінавачанні ў крымінальнай справе.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў