Новыя затрыманні і чарговыя судовыя выракі. Рэпрэсіі за 30 верасня


Рэжым Лукашэнкі ўжо больш за два гады масава працягвае тэрор супраць беларусаў. «Белсат» сабраў вядомыя выпадкі пераследу 30 верасня.

Былы тэлевядоўца і экс-кіраўнік прэзідэнцкага пула на АНТ Дзмітрый Семчанка не выйшаў на волю пасля 15 содняў арышту. Telegram-канал the_village_me паведамляе, што ў панядзелак яго чакае новы суд. Дзмітрыя Семчанку арыштавалі на 15 содняў паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Дзмітрый Семчанка з жонкай Юліяй.
Фота: 7chanka/Instagram

У Менску сілавікі схапілі былога футбаліста і трэнера Васіля Хамутоўскага, піша «Наша ніва». Паведамляецца, што супраць Хамутоўскага завялі крымінальную справу.

Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне 34-гадовага Андрэя Ждановіча. Мужчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Таксама ў Менску затрымалі Віктара Вяршыну. На «пакаяльным відэа» сілавікоў мужчына распавёў, што прымаў удзел у акцыях пратэсту, пісаў абразлівыя каментары, а таксама данаціў грошы ў BySol.

У Берасці сілавікі схапілі прадпрымальніка Сяргея Беразюка. Абвінавачваюць яго ў тым, што ён пісаў абразлівыя каментары ў Telegram-каналах. Прадпрымальніка асудзіла на 15 содняў арышту і распачалі крымінальную справу паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»).

Палітзняволенаму Сцяпану Латыпаву замянілі рэжым на больш жорсткі і перавялі з калоніі ў магілёўскую турму № 4, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Hавiны
Палітвязня Сцяпана Латыпава перавялі ў магілёўскую турму
2022.09.30 15:37

У «Справа Аўтуховіча» завяршыліся спрэчкі бакоў. Праваабаронцам стала вядома, што судовае следства па справе скончанае, а прысуд агучаць 17 кастрычніка.

У праўладных тэлеграм-каналах 30 верасня з’явілася інфармацыя, што на чацвярых працаўнікоў фірмы «Белагра», куды надоечы прыходзілі сілавікі з ператрусам, завялі крымінальныя справы паводле некалькіх артыкулаў, у тым ліку за ўдзел у пратэстах 2020 года.

Чацвёра супрацоўнікаў фірмы «Белагра», якіх будуць судзіць па крымінальных справах. Фотакалаж: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Hавiны
На чацвярых працаўнікоў «Белагра» завялі крымінальныя справы за ўдзел у пратэстах
2022.09.30 13:23

Да 3 гадоў «хатняй хіміі» асудзілі анэстэзіёлага-рэаніматолага Таццяну Талочка. Палітзняволеная працавала ў 2ДГКБ у сталіцы. Затрымалі яе 12 траўня сёлета на працоўным месцы ў больніцы. Суддзя Вольга Няборская прызнала лекарку вінаватай паводле арт. 342 КК («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Дзяўчыну вызвалілі ў зале суда.

1,5 года калоніі агульнага рэжыму прызначыў суд Полацка Алегу Крычкоўскаму. Мужчыну абвінавацілі і прызналі вінаватым у абразе Лукашэнкі.

У Гомельскім абласным судзе асудзілі Максіма Ражкова. 29-гадовы Максім з’яўляецца інвалідам 2 групы. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК («Грубае парушэнне грамадскага парадку») і ч.1 арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варажнечы»). Суддзя прысудзіў палітвязню 3,5 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Суддзя Цэнтральнага суда Менску Вікторыя Шабуня прызначыла палітвязню Яўгена Батуру 2 гады «хіміі» з накіраваннем. Яўгена вызвалілі ў залі суда.

Hавiны
Палітвязня Яўгена Батуру асудзілі да 2 гадоў «хіміі» за ўдзел у маршы МТЗ у 2020 годзе
2022.09.30 14:51

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў